хвіліны дзве-тры студэнт Ігнат Мазур называў прозвішчы вядомых гульцоў, коратка расказаў нават пра знакамітую «бітву пры Бёрне» – урэшце змоўк.
Паўза.
– Якую адзнаку вы хочаце? – нечакана спытаў яго выкладчык Пётра Мацкевіч.
– «Добра», калі можна. За чарговы траяк могуць пазбавіць стыпендыі, а «пяцёрка» выкліча падазрэнні.
– Давайце залікоўку.
Выкладчык Пётра Мацкевіч паставіў адзнаку «добра» ў ведамасць і ў залікоўку Ігната Мазура.
– Энергія зоркі, – па-змоўніцку ўсміхнуўся ён, – вось у чым першапрычына. Тут вы правільна заўважылі. Усё астатняе – лухта.
Юля Маракова яшчэ не здавала, і Ігнат Мазур адвёў яе ў бок і сказаў:
– Ідзі толькі да Мацкевіча. І ўсё будзе, як у мяне.
– А што ў цябе?
– Чатыры балы.
– Во як. Ды пачакай, раскажы падрабязна.
Але студэнт Ігнат Мазур ужо не слухаў яе. Ля акна ён убачыў адзінокую постаць Святланы Конкінай і заспяшаўся туды.
Студэнтка Конкіна, як заўсёды някідка, нават ледзь не нядбайна апранутая ў белую кашулю і чорную спадніцу, сустрэла яго звыклай іранічнай усмешкай на пульхных вуснах. У руцэ яна трымала прыпаленую цыгарэту. Зялёныя яе вочы нічога не выяўлялі: ні трывогі, ні заклапочанасці, ні якога ўзбуджэння перад іспытам.
Студэнт Ігнат Мазур запаліў і, свядома мінуючы залішнія падрабязнасці, параіў дзяўчыне здаваць іспыт толькі ў выкладчыка Мацкевіча.
– А мне Гавін падабаецца, – сказала нібы насуперак яму Святлана Конкіна і дадала з прыхаваным здзекам:
– Ён так глядзіць на мяне, бедны…
– Ён жорстка прымае. Ты можаш не вытрымаць іспыт. І чаго гэта ён на цябе глядзіць? Самазадаволены індык. Па-мойму і на галаве ў яго нешта кшталту завіўкі. Нават ты такую не зробіш.
– А я іспыту не баюся. Я і «Капітал» Маркса неяк пачытвала.
Студэнт Ігнат Мазур раптам адчуў цьмянае раздражненне. «Лепш бы галаву лішні раз памыла, чым пачытваць таго Маркса», – падумаў ён, але, вядома, не сказаў уголас: дзяўчына магла адразу і назаўсёды «сесці на крыўду», а ён гэтага не хацеў.
Зусім наадварот. Зноў нясцерпнае, неспадзяванае жаданне прыхінуцца да яе, удыхнуць пах яе вопраткі, цела, валасоў узнікла пажарам і цалкам ахапіла яго.
– Паслухай, Святлана, – сказаў ён, – можна, я да цябе як-небудзь зайду?
– Зайдзі, – са сваёй незразумелай, іранічнай усмешкай паціснула тая плячыма.
Прыбег з чытальнай залы, якая была непадалёк, заклапочаны, узнерваваны Уладлен Анціпаў. Ён да апошняга сядзеў за падручнікам і цяпер выведваў у іспытантаў: як і што? Ля Ігната Мазура ў такі момант яму няма чаго было рабіць – хіба выслухоўваць чарговыя кпіны, а вось выдатнікі маглі што і падказаць. Напрыклад, адказу на якое-небудзь асабліва небяспечнае пытанне, што часам ужываў за звычку прыцягнуты з інстытута народнай гаспадаркі выкладчык Гавін. Студэнт Ігнат Мазур паклікаў небараку-сябрука, каб папярэдзіць, увесці таго ў курс справы, але той толькі адмахнуўся. «Ну, тады на каго цябе бог пашле, калі так», – вырашыў Ігнат Мазур.