не даслухаўшы гісторыю жыцця. Ён падзякаваў дзеду, які сцебануў каня па сцягну пугай і паехаў налева праз вёску да фермы. Веня звярнуў праваруч – на новую дарогу да наступнай вёскі.
Сустрэча з дзедам абагрэла яго ўражлівую душу, якая ўжо стамілася ад самоты. Веня не разумеў духоўнага складу вясковага жыхара, але звярнуў увагу на яго прыстасаванасьць да бязлюднага сьнежна-белага асяродзя, дзе гэты бывалы чалавек адчуваў сябе ёмка і ўпэўнена. Дзед быў просты, амаль прымітыўны, як гэта неба, зацягнутае хмарамі, бязлюдная вёска, рып сьнегу пад нагамі, гаўканне сабак і мычанне кароў.
Нейкае незвычайнае ўражанне адклалася ў Веневай душы, і вёска, людзі, бясконцая зімовая дарога і ўвесь гэты вясковы побыт зрабіліся яму бліжэй і нават радней, чым былі яшчэ некалькі гадзін назад.
ІV
Пачало цямнець, калі ён нарэшце выйшаў на апошняю дарогу дня. Дзесьці праз чатыры-пяць кіламетраў, казалі жанчыны, што ішлі на ферму, будзе вёска Сяліба, дзе Веня планаваў прыпынак. Ён хацеў дабрацца менавіта да гэтай вёскі, у якой ён запланаваў яшчэ ў Менску прыпынак на ноч. Калі ён не дойдзе да Сялібы сёння, тады яму прыйдзецца ісці дадому яшчэ два дні. Гэтая думка зараз выклікала ў яго жах.
Раптам Веня заўважыў, што стала зусім цёмна. Навокал не было бачна ніводнага агеньчыка, які сведчыў аб чалавечым жытле. Дарога, прыбітая санямі, цягнулася кудысьці ў цемру. Аднекуль збоку дзьмуў халодны пранізлівы вецер. Ён бег і бег па дарозе, бо дзесьці наперадзе павінна быць вёска. Але яе ўсё не было. І ён стаў адчуваць, як унутры яго нараджаецца страх, які пераходзіць у адчай. Страх, якога ён ніколі не ведаў, і нельга было спыніцца, легчы і перачакаць гэты няўтульны, змрочны час. Упершыню ён сам павінен быў рухацца ў жыцці, каб некуды прыйсьці. Там, дома ці ў інстытуце, усё было ясна і зразумела. Калі надвор’е рабілася снежаньскім, няўтульным, змрочным і ціснула на псіхіку, можна было перачакаць яго, лежачы на ложку альбо пайсці ў кіно ці выпіць піва. І тады сам час, бегучы наперад, забіраў з сабой яго ў больш гасціннае і вясёлае жыццё. Зараз усё зрабілася іншым: холад, змрок, самота, невядомасьць – усё гэта разам ўтварала ў Вені пачуццё сваёй неабароненасьці. Трэба было нешта рабіць, яму здавалася, што ён прабег па дарозе гэтыя пяць кіламетраў, што там, у гэтай цемры, сярод палёў і хаваецца маленькая вёсачка з людзьмі і чалавечым жытлом, без якога ён цяпер проста не мог існаваць.
Ён звярнуў з дарогі і, правальваючыся іртамі ў сумётах снегу, доўга ішоў полем, покуль не ўзбіўся на нізіну, дзе-нідзе зарослую хмызняком і з цёмным стажком сена. Ён нейкі час адпачываў, прытуліўшыся да стажка спіной, затым зняў лыжы і скінуў на снег заплечнік. Зацята наскуб бярэма сена і кінуў яго на снег, сеў і абпёрся спіной аб стажок. У двух кроках цяпер нічога не было бачна. Вецер ціха завываў, кідаючы ў твар калючы снег.
У кніжках Веня шмат разоў чытаў аб праявах мужнасьці, як патрэбна трымаць сябе ў гэткім становішчы. Магчыма, будучы на Поўначы, ён адчуваў бы сябе героем і здолеў бы змагацца, але тут, у цэнтры Еўропы, ён канчаткова знямог духам. Яму здавалася, што час прыпыніўся і зрабіўся