Кастусь Травень

Брыгадны генерал (зборнік)


Скачать книгу

сваім, а праходзячы вобак, звярталі ўвагу на Веню і Ліпу, падначкі і падбухторванні ляцелі ў іх бок.

      Ліпа Бакуніч – прыгожая і дасціпная, яе ведаў увесь фізіка-матэматычны факультэт, і маленькі, нічым непрыкметны, сарамлівы Веня Давідовіч, якому аднакурснікі з факультэта прыродазнаўства далі мянушку «шчаўлік». Яны стаялі трымаючыся за рукі на вачах усяго вандроўнага гурта. Веня адчуваў сябе няёмка, бо гэта было нязвыкла: ён і яна разам.

      Імгненні іх развітання імкліва меншалі. Хвост шыхта няўмольна набліжаўся да іх.

      – Да пабачэння, Веня. Жадаю табе ўдачы. – Ліпа зняла рукавічку і паціснула яму руку.

      Веню вельмі хацелася ўзяць гэтую маленькую пяшчотную дзявочую далонь і пацалаваць яе.

      Бакуніч уважліва глядзела, запамінаючы яго аблічча. У гэтай зорнай вандроўцы ёй спадабаўся гэты шчыры і таму цікавы хлопец. У яго былі жывыя сінія вочы і выгляд далікатнага дзецюка, здольнага саромецца і чырванець. Веня быў такі эмацыянальны і чуллівы, што ўсе думкі і пачуцці адлюстроўваліся на яго твары. Ён нагадваў ёй мілае пухнатае кацяня, якое хочацца пагладзіць. Веня істотна адрозніваўся ад іншых хлопцаў – упэўненых, дасціпных і нават грубых. Хлопцы заўсёды ведалі, чаго яны хочуць у цяперашніх варунках жыцця. Веня быў спадкаемцам іншай эпохі, той, што даўно адыйшла, гераічнай і прывабнай, у якой некалі жылі ветлівыя і мужныя шляхетныя рыцары, па якіх яшчэ мроілі пяшчотныя дзявочыя душы.

      – Бакуніч, а ты помніш, што мы рабілі летась пасля вяртання ў Менск з вандроўкі, калі ўбачылі тралейбус? – запытаў, падыйшоўшы ў канцы шыхта Вова Ігнацюк.

      – Убачыўшы тралік, мы закрычалі ура! – засмяялася Ліпа, і падхапіўшы лыжы на плячо, пайшла побач з Ігнацюком. Вова нешта гаварыў ёй, потым павесіў за плечы баян і забраў ірты ў Ліпы. Яны адыходзілі, а Веня застаўся і цяпер глядзеў ім услед.

      Імгненне назад часцінка гэтага жыцця, яно ўжо не належала яму і, гледзячы на тых, хто пайшоў, ён зайздросціў і ўжо вагаўся. Да Вені вярнуліся яго мінулыя сумненні і два супрацьлеглыя жаданні: пайсьці ці застацца? Вярнуцца ізноў да гурта! Зрабіць усяго два крокі – і шыхт ізноў прыме яго ў свае шэрагі, ён ізноў будзе з гэтай бестурботнай і вясёлай тусоўкай. Яны дойдуць да Горацкага чыгуначнага вакзала, сядуць у цягнік і паедуць у Менск. Ён ўявіў сабе гэты момант, нібы ўжо сядзеў у вагоне цягніка. Там будзе цёпла і весела, і ніякія сумненні не будуць мітрэнжыць яго душу.

      Альбо паслухацца тога ледзь чутнага адчування, што клікала яго: звярнуць на прасёлкаваю дарогу, ізноў апынуцца ў гэтым снежна-белым сусвеце палёў, лясоў і вёсак?

      Ягоны бацькоўскі дом знаходзіўся за добрую сотню кіламетраў ад Горак, і ён вырашыў на лыжах дабірацца дадому самастойна. Некалі Амундсен, знакаміты нарвежскі даследчык Арктыкі і Антарктыкі, у юнацтве таксама рабіў свае першыя вандроўкі на іртах па снежных плато Нарвегіі. Чаму ён, Веня Давідовіч, ня можа зрабіць тое самае? Прабегчы ад Горак да Старога Быхава нейкую сотню кіламетраў?

      Ён адчуваў, што павінен зараз павярнуць і пайсьці адзін сваёю сцяжынай. У гэтым бестурботным асяродку хлопцаў і дзяўчат