суседку, якая нiчога не сказала пра шафёра, узвысiла голас гаспадыня. – Усю хату праваняў, ды што хату, Бягомль i той прасмярдзеў тваiм тытунём клятым.
Канечне, нiякага шафёра не было, Хмара рулiў сам, але на хлусню Сiўцова наўмысна змаўчаў, разумеў, што чарка гарэлкi – неблагая яму памочнiца. Жанчына выслiзнула ў сенцы, гаспадар, прыслухоўваючыся, выструнiўся i, пачуўшы металiчнае звяканне, – напэўна, гаспадыня бразнула ключамi – задаволена крактануў:
– Мая ўзяла…
Калi на стале з’явiлася бутэлька, Сiўцоў таропка яе раскаркаваў i, напаўняючы чаркi, прыжмурыўся.
– Цяперака можна i пагаварыць.
З-за шчыльнай выцвiлай занавескi, якая прыкрывала грузную печ i дзялiла кухню напалам, павольна выйшаў руды кот з жоўта-зялёнымi вачыма. Ён, па чарзе падымаючы заднiя лапы, лянотна пацягнуўся, пазяхнуў i сеў на пушысты доўгi хвост з белай адмецiнай на самым кончыку.
– Во, i рыжы тут як тут, – засмяяўся Сiўцоў i зняў накрыўку з патэльнi. Для ката гэта быў сiгнал, млявасцi як i не было. Ён скокнуў на доўгую лаўку ля акна i, патрабавальна мяўкаючы, зашпацыраваў, закруцiўся. Час ад часу кот выпускаў вострыя кiпцюры i драпаў iмi па лаўцы, вочы блiшчэлi, чырвоны язычок штохвiлiнна аблiзваў блiскучы чорны нос. Ён некалькi разоў спрабаваў дацягнуцца i да абруса, але лапа застывала напаўдарозе, драпануць матэрыю рыжы пабойваўся, напэўна, за гэта ён неаднойчы атрымоўваў лупцоўку.
– Бач, як просiць, – лагодна прабасiў гаспадар i, падчапiўшы вiдэльцам ладны кавалак мяса, кiнуў пад лаўку.
Ката быццам ветрам здзьмула: праз iмгненне ён знiк за занавескай са здабычай у зубах.
– Ну, дай Божа, заўтра тожа, паслязаўтра i кожны дзень, – на адным дыханнi выпалiў Сiўцоў i, расправiўшы вусы, выпiў. Хмара непахiсна адсунуў сваю чарку, але ад перакусу не адмовiўся, даўно смактала пад лыжачкай.
– А нашыя блюсцiцелi п’юць, хоць i за рулём, – гаспадар храбуснуў агурком i, быццам разважаючы ўголас, стрымана дадаў: – Хаця хлопцы добрыя, сваiм бяды не робяць… – ён яшчэ выпiў, падклаў на Хмараву талерку смажанага мяса. – А на трасе парадак трымаюць, ведаюць як…
– Прыкусi язык, плявузгала, не то Папруга яго прышчэмiць!.. – пачуўся з-за занавескi, за якой схаваўся руды кот, голас гаспадынi.
– Гэ-э-ты мо-о-жа, – хутка п’янеючы, рагатнуў Сiўцоў i распрамiў спiну. Здалося, ён стаў вышэйшы на цэлую галаву. – Барысавiча на крывой кабыле не аб’едзеш, хiтрун, якiх пашукаць… І прынцыповы…
Хмара, што называецца, уплятаў за абедзве шчакi салату з запраўленых смятанай памiдораў i гуркоў, слухаў гаспадара i думаў пра тое, як можа чалавек быць адначасова i хiтры, i прынцыповы. Ён вырашыў пакуль што не задаваць пытанняў, дачакацца, калi Сiўцоў стане больш дасцiпным.
– Памятаеш шафёра з дровамi? – падала голас жонка Сiўцова.
– Тых, хто абмiшурыў Папругу, на пальцах пералiчыць, – засмяяўся гаспадар, – але той шафёр – прайдзiсвет з прайдзiсветаў!
У iнтанацыi Сiўцова Хмара ўлавiў непрыхаваны недавер да сталiчнага мiлiцыянера. Было вiдавочна, што Сiўцоў хоча расказаць пра гэты выпадак, але што, калi нечым нашкодзiць участковаму?
– Я дрэннага