вочы насцярожана абмацалi Кудзiна i абыякава знерухомелi, разглядаючы нешта вышэй маёравай галавы. Капiтанава знешнасць, падкрэсленыя раўнадушша i апатыя быццам гаварылi за тое, што ён вымушаны падпарадкоўвацца i выконваць загады. Кудзiн добра ведаў, што гэтая флегматычнасць i знешняя абыякавасць – не што iншае, як маска, якая хавае ўчэпiсты розум i неверагодную працаздольнасць. Капiтана лiчылi дзiваком, бо менавiта напускная абыякавасць i адчужанасць рабiлi яму дрэнную паслугу. Лукiна часта, раз у год, вылучалi на вышэйшыя пасады, але справа на паўшляху тармазiлася, далей гутаркi з кiраўнiком, ад якога залежала прызначэнне, нiколi не заходзiла. Чалавека, якi ўпершыню бачыў капiтана, не пераконвала асабiстая справа Лукiна, не верылася ў праўдзiвасць падзяк i прэмiй, узнiкалi сумненнi кшталту «Цягне хтосьцi!» Яму адмаўлялi ў кiраўнiчых пасадах нават тыя, хто добра ведаў капiтана. Тут перамагала звычайная жыццёвая логiка: сустракаюць па апратцы… А якое ўражанне аб сабе мог скласцi нягеглы, праставаты Лукiн? Ён прахадзiў капiтанам да сарака гадоў i большага не дабiваўся, гэта задавальняла следчага. З нагоды цi без, Лукiн любiў паўтараць: «Чысцей пагон – чысцей сумленне…»
Атрымаўшы загад прызначыць экспертызу вады, якой Казакова мыла акно, i знайсцi яе хiмiчны састаў на адзеннi i целе нябожчыцы, Лукiн здзiўлена лыпнуў вачыма i, працягваючы свiдраваць нейкую кропку над галавой Кудзiна, раўнадушна заўважыў:
– Няшчасны выпадак даказаны. Нi ў пракурора, нi ў нас сумненняў няма. Што…
– А я сумняваюся! – нечакана ўзарваўся Кудзiн.
Маёр цанiў Лукiна i заўсёды трымаўся з iм падкрэслена афiцыйна, але сённяшнi выгляд падначаленага i асаблiва тое, што капiтан з паўслова зразумеў, куды хiлiць Кудзiн, выбiлi з каляiны. Маёр не мог спакойна глядзець на запэцканыя сiнiм чарнiлам пальцы, на нязграбную, нейкую несiметрычную паставу з вялiкай галавой i тонкай шыяй.
Лукiн i брывом не павёў, нi адзiн мускул не здрыгануўся на чыста паголеным твары. Ён нязграбна кульнуўся з нагi на нагу i нечакана перамянiўся, ад знешняй абыякавасцi не засталося i следу.
– Бачыў падпалкоўнiка Мiкулiча… – вiрлаватыя вочы свiдравалi Кудзiна. – Ён заходзiў толькi да вас!.. Нешта змянiлася ў справе Казаковай, чаго не ведаю я?
«Можа, пераказаць размову? – завагаўся Кудзiн. – У Лукiна хватка мёртвая, як у бульдога, зачэпiцца – дакапаецца».
– Ну?! – нецярплiва выдыхнуў капiтан, ягоныя вочы азартна блiшчэлi. – Я з самага пачатку адчуваў, што нешта тут не чыста, бо занадта праўдзiва выглядае няшчасны выпадак.
«Зараз пусцiць слюнi – i чым не бульдог?» – мiжволi падумалася Кудзiну, i ад гэткага параўнання стала лягчэй.
– У справе Казаковай нiчога не змянiлася, – цвёрда адказаў Кудзiн.
Маёр прыняў рашэнне i не будзе спакушаць лёс, не кiнецца з дакладам да Белага, але на ўсялякi выпадак зробiць пэўныя захады. Ён павiнен мець адказы на Мiкулiчавы пытаннi, бо няма гарантыi, што падпалкоўнiк не задасць iх пры начальнiку ўпраўлення. А Лукiн выканае загад, зробiць усё, каб нiхто не ўсумнiўся ў афiцыйнай версii смерцi Казаковай. Кудзiн, прыжмурыўшы вочы, кiнуў на капiтана хiтраваты