на мяне добра, але дачакаўся… А баба ў яго – дурнiца… І нахалеру мне былi тыя прэзерватывы? Цяпер выкручвайся…»
– Ну, калi так, то дапiвайце, а я пачакаю каля машыны, – Папруга нядобра ўсмiхнуўся i крутнуўся да выхаду.
Сiўцоў аслупянеў, ён не чакаў, што ўчастковы пакiне яго адзiн на адзiн з лейтэнантам. Бразнулi адны дзверы, другiя, i гаспадар адчайна залямантаваў, па ўсiм, спадзеючыся, што Папруга яго пачуе:
– Нiчога я гаварыць не буду, Генадзь Барысавiч усё ведае, так што i гаварыце з iм, – Сiўцоў на нейкую хвiлiнку прымоўк, зiрнуў у акно i, умольна гледзячы на Хмару, прашаптаў: – Вы свае, вы дамовiцеся, а мне тут жыць…
Лейтэнант усё зразумеў. Ён падхапiўся, падзякаваў за абед i кiнуўся наўздагон за ўчастковым, але ў сенцах нечакана спынiўся, апошнiя словы Папругi прымусiлi вярнуцца. Даўгалыгi Сiўцоў, сагнуўшыся напалам, не тоячыся ад участковага, выглядваў у акно i, убачыўшы лейтэнанта, разгубiўся:
– Я п-праўда н-нiчога не магу сказаць, – заiкаючыся, прамармытаў ён.
– Калi спатрэбiцца – раскажаце, – сказаў як адрэзаў Хмара i, выцягнуўшы лiст паперы, склаў яго ўдвая, разарваў напалам. Потым прымасцiўся да стала, адсунуў талеркi i штосьцi напiсаў на адным лiстку, потым на другiм.
Усхваляваны Сiўцоў па-гусiнаму цягнуў доўгую шыю, сiлiўся чытаць, што пiша сталiчны следчы.
– Вось, – Хмара паклаў на лiсткi самапiску i выцягнуў з кiшэнi грошы. – Гэта распiска i грошы за абед.
У Сiўцова ажно скiвiца адвiсла, ён за ўсё жыццё не бачыў i не чуў такога.
– Н-не трэба, – толькi i змог выдыхнуць iмгненна працверазелы гаспадар i замахаў рукамi.
– Распiсвайцеся! – узвысiў голас Хмара i паблажлiва дадаў: – Яшчэ як трэба, а апраўданнi пакiньце для Папругi.
– Я хацеў сказаць, што гэта зашмат, – кiўнуў на грошы знiякавелы Сiўцоў i таропка, дрыжачай рукой напiсаў пад сваiм прозвiшчам тры першыя лiтары. Цяпер ён баяўся гэтага лейтэнанта больш за Папругу.
– Вось i добра, – засмяяўся Хмара, – будзем лiчыць, што я паабедаў у рэстаране.
Папруга на ўсялякi выпадак запiсаў нумар «Жыгулёў», на якiх прыехаў сталiчны следчы, i ў чаканнi ўладкаваўся на лаўцы, што тулiлася ля плота. У справе з шафёрам ён, канечне, дапусцiў пэўныя хiбы, але ж у якiх справах iх няма. «Я што – зусiм дурань, каб вешаць на сябе злачынства, якое нiколi не будзе раскрыта? – шукаў апраўдання Папруга. – Шафёр ва ўсiм вiнавацiў сябе. Калi папраўдзе, то i да гэтага часу мне не ўсё зразумела ў той справе, але навошта цiснуць на шафёра? Ён нi на кога не скардзiўся, нiкога не вiнавацiў, а каяўся i прасiўся. Дык што, я павiнен быў прымусiць бедалагу пiсаць заяву аб злачынстве? Яшчэ i невядома, цi было там тое злачынства…»
Калi брамка рыпнула, i на вулiцу таропка выйшаў лейтэнант, Папруга ўжо ведаў, з чаго пачынаць размову са сталiчным шчаўлiкам. Ён быў перакананы ў сваёй праваце, вось толькi прэзерватывы… Калi селi ў машыну, Папруга ўпэўнена прапанаваў:
– Я прапаную пакiнуць усё як ёсць…
– Не разумею, – шчыра здзiвiўся Хмара.
– Вы пацвердзiце вынiкi маёй праверкi – i мы квiты.
– А я нешта Вам вiнен? – зноў здзiвiўся