ў каралеўстве запанаваў спакой, ён і да замку мог перабрацца. Бадай, у гадах ужо, цяжка жыць аднаму.
– Магчыма, ты маеш рацыю. Хаця, гэта малаверагодна.
– Чаму?
– Ды не пакіне ён сваю бібліятэку, яна для яго найкаштоўнейшы скарб.
– Ну так, лагічна.
– Але і рызыкаваць марна не хацелася б. Шлях да яго няблізкі, а заспеем пугача ці не, насамрэч невядома.
– Вось і я пра тое. І да замка значна бліжэй. Калі там усё добра, мы гэта, мяркую, і здалёк убачым. А там ужо, і чым каралеўства дыхае, даведаемся.
– Згодная, давай зробім па-твойму. А там будзе бачна.
– Тады хадзем?
– Наперад, вандроўнік!
І яны скіраваліся праз лес у бок замка. Дарога не падавалася надта цяжкай, у адрозненні ад паляны, тут не так усё пазарастала. Да таго ж, іх падганяла прага як мага хутчэй убачыць старых знаёмых і жаданне спраўдзіць, ці не адбыліся якія змены за гэты час. Але ў пэўны момант Янка знянацку спыніўся і насцярожыўся. Прыслухалася і Мілана. Аднекуль пучуўся шолах і лёгкае храбусценне галінак. Зусім блізка.
– Злыдні? – выказала здагадку дзяўчына.
Хлопец толькі паціснуў плячыма, і яны хуценька схаваліся за дрэвы. Якое ж было іх здзіўленне, калі з-за хмызняку выбегла… сямейка вожыкаў. Дзеці гатовыя былі нават рассмяяцца з таго, што сабе надумалі, але выдаваць сябе не хацелася. Пырхаючы і пасопваючы, купка калючых клубочкаў прашамацела на кароценькіх ножках усяго ў якіх метрах пяці ад іх і знікла ў гушчары лесу.
– А ты ведаеш, што вожык – гэта насамрэч пацук, які не пагаліўся, – пажартаваў Янка.
– А чаму не пагаліўся?
– Ясная справа – каб котцы не спадабацца і каб тая не з’ела.
Мілана ўсміхнулася, і яны рушылі наперад. Далейшы шлях пралягаў без здарэнняў. Хіба толькі, на самым ускрайку лесу, калі ўжо пабачыўся прасвет, яны пачулі дзіцячыя галасы. Гэта мясцовыя дзяўчынкі забраліся так далёка ад сваёй вёскі, збіраючы грыбы-ягады. Убачыўшы незнаёмцаў у дарагіх строях яны разгубіліся. Сустрэць у гэтакай глухмені шляхетных асоб яны дакладна не чакалі. Дзяўчыны напачатку выхавана павіталіся, а потым чамусьці вырашылі адысці на адлегласць, і ўвогуле заспяшаліся, відаць у бок сваёй хаты.
– Спужаліся нас, ці што? – дзівілася Мілана.
– Дык не такія ж і страшэнныя мы.
– А з іншага боку – незнаёмцаў трэба сцерагчыся, таму ўсё правільна.
Нарэшце яны выбраліся з лесу. Перад імі распасціралася вялізнае поле, за якім удалечыні быў ужо бачны і замак. Яны спыніліся і агледзеліся. На полі не было відаць людзей, што было трохі нечакана. Але не назіралася і ваўкалакаў, як калісьці, і гэта ўжо цешыла ды было добрым знакам. І брат з сястрой смела закрочылі да сваёй мэты.
Яны выйшлі на галоўную дарогу і накіраваліся ў бок брамы. Выпадковыя мінакі не звярталі на іх асаблівай увагі, бо здалёк яны маглі нагадваць якіх-небудзь купцоў, што былі тут звыклымі. А можа і выхавана імкнуліся не разглядаць чужаніцаў, бо пільныя позіркі не кожнаму прыемныя. Ды й, калі шчыра, у твар не кожны іх ведаў, хоць і чулі пра іх у каралеўстве, безумоўна ж, усе. Хіба толькі дыядэма Міланы прымушала задумацца, што гэтая