добра, калі не сказаць болей – усё даволі кепска.
– Але што такога магло здарыцца?
– Віной усяму залішняе захапленне Семаргала чарадзействам. Кажуць, ён валодаў нейкай кнігай замоў, таму і быў такі магутны. Падобна, што ён знайшоў у ёй, як пры дапамозе свайго чарадзейскага кія выклікаць не толькі спусташальны агонь, але і як здабываць яго з нетраў зямлі, яшчэ больш страшны і знішчальны. Ён прыняў усе меры перасцярогі – адправіўся ў горы, падалей ад забудоў, каб ніводнай жывой душы не было навокал. Але не разлічыў ён, якая скрышальная, разбуральная моц можа хавацца ў тым заклёне.
– Што ж там за заклён такі быў?
– Што за ён – не ведаю. Але вядома, што намерыўся Семаргал выклікаць вогненную кроў зямлі.
Дзеці пераглянуліся паміж сабой.
– Напэўна, размова пра магму, як пры вывяржэнні вулкана, – выказаў Янка шэптам сваю здагадку Мілане.
– Вынік яго чарадзейства адчулі нават мы, – працягваў Мацей. – Зямля тады здрыганулася так, што скалыхнула месцамі і землі нашага каралеўства. Горы расчыніліся, і з расколіны хлынула нешта падобнае на расплаўленае ў пячы жалеза, якое сваім агнём жэрла ўсё на сваім шляху: дрэвы хутка ператвараліся ў попел, будовы не вытрымлівалі і ахопліваліся полымем, усё жывое адразу знікала. Гэта быў сапраўдны кашмар, жах, якога ніхто ніколі ў жыцці не бачыў. Але самае страшнае – ён ніяк не мог спыніць гэтай бяды, бо цалкам не ведаў, як. Усё ягонае каралеўства апынулася пад пагрозаю, і прычынай таму быў толькі ён сам, яго небяспечнае захапленне. І калі ён асэнсаваў гэта, было ўжо позна – спусташальная плынь, хай і не хутка, але вынішчыла добрую частку зямель.
– Як жа Семаргал даў рады?
– У тым і бяда, што даць рады з гэтым нават ён, з усімі сваімі ведамі і моцай, не мог. Каб уратаваць сваё каралеўства ён быў вымушаны звярнуцца да панны Маразанны. Вох, каб вы яе ведалі! Яшчэ больш злосная і бязлітасная вядзьмарка, чым сам Семаргал. Нават ён яе пабойваўся. Але не меў ён тады выйсця, хоць і невядома цяпер, што тады было б лепей. Каб ведаў ён, да чаго гэта прывядзе, мо і не звяртаўся б да яе.
– Такая страшная?
– Хутчэй магутная! Семаргалу агонь падуладны, а Маразанна ўсё, што пажадае – у лёд ператварае. Што там казаць – нават агонь у сілах калі не замарозіць, дык пагасіць сваім холадам. І сэрца ў яе, кажуць, ледзяное. А Волх, пагатоў, наогул ёй не раўня, і побач з ёй не стаяў. Яго магчымасці так, дзіцячыя забавы. Бо Маразанна не папросту вецер магла выклікаць, а такі ўраганны віхор, што рукі-ногі павыкручвае, ды шыі ўсім зломіць.
– Як жа яму собіла з ёй звязацца?
– Нездарма ж кажуць – як топішся, то і за вострую касу схопішся. Падобна, што не бачыў ён іншага выйсця ў той момант, вось і быў вымушаны дамаўляцца. Толькі дамова апынулася тая не танная.
– Высокую цану за сваю дапамогу прызначыла?
– Толькі пазней усе зразумелі, наколькі. Яна папрасіла ў якасці платы для сябе тыя землі, якія былі вынішчаныя і пахаваныя пад тоўстым слоем попелу і таго расплаву, што скамянелым панцырам пакрыў глебу. Часу на разважанні не было, і Семаргал пагадзіўся. Зрэшты,