мінімум – павітаць іх. Яны прагнуць упэўніцца, што вы напраўду зноў з’явіліся. А калі вы скажаце ім хоць пару бадзёрых слоў – гэта вельмі іх усцешыць.
– Што ж, павітацца з жыхарамі каралеўства мы і самі будзем радыя.
Перад імі расчынілі дзверы, і Янка з Міланай, ўзяўшыся за рукі, выйшлі на балкон. За імі прайшлі кароль, рыцары і вайскводцы. Натоўп адразу ж захоплена загудзеў. Янка і рад бы быў нешта сказаць, але яго словы папросту патанулі б у гэтым гомане. Таму яны з сястрой ветліва памахалі рукамі, на што прысутныя яшчэ больш узняліся на радасныя воклічы, вітаючы сваіх герояў і вызваленцаў. І толькі калі тлум трохі прыціх, хлопец змог звярнуцца да іх:
– Вітаем вас, вольны народ Сваргі! – і ўсе ізноў радасна зашумелі. – Мы вельмі ўсцешаныя і ўдзячныя такому неспадзяванаму і гарачаму прыёму.
– Вы нашы героі! Слава рыцару Янку і каралеўне Мілане! – раздалося ў адказ.
– Дзякуем вам! Але для нас – сапраўдныя героі гэта вы. Гэта вы насамрэч здабылі сабе волю. Гэта вы прагналі ворага са сваёй зямлі і перамаглі яго. Мы ж толькі далучыліся да вас, натхнёныя вашым гераізмам і прагай жыць вольнымі.
– А наша каралеўства вы вызваліце? – нечакана пачуўся жаночы голас.
Янка ўтаропіўся і разгледзеў у натоўпе на плошчы жанчыну з дзіцём на руках.
– Падобна, што гэта адна з бежанак з каралеўства Вагорыя, – ціха растлумачыў яму кароль Мацей. – Пасля гэтай бяды, што здарылася з імі, мы многім далі прытулак на нашых землях.
Янка акінуў вокам люд. Нават хуткага позірку хапіла, каб разгледзець, што сярод тых, што сабраліся, адрознівалася невялікая частка. І нават не па адзежы. Па вачах, у якіх чытаўся страх ад таго, што давялося перажыць, і адчай ад невядомасці, што чакае наперадзе. З большага, гэта былі жанчыны з дзецьмі. Мужчыны, напэўна, засталіся, каб берагчы хаты, а ў выпадку чаго – узяцца за зброю і працягнуць барацьбу.
– Што ж, скажу так – калі мы сюды збіраліся, то намерваліся толькі праведаць старых знаёмых. Але зараз… Як толькі мы даведаліся пра вашу бяду, зразумелі, што цяпер не ў стане папросту застацца ў баку. Так, мы вельмі жадаем вам дапамагчы і ўжо думаем, як гэта можна ажыццявіць.
Твар беднай жанчыны пры гэтым заззяў, а ў яе вачах бліснуў праменьчык надзеі. Яе мары вярнуцца дадому нарэшце падаліся магчымымі, як і спадзяванні іншых прысутных з падобным лёсам, што былі змушаныя апынуцца далёка ад родных і мілых сэрцу мясцін. У іх з’явілася не проста надзея, да іх вярнулася жаданне жыць далей і будаваць планы на будучыню, сэнс самога жыцця.
Янка з Міланай выступілі яшчэ з невялікай прамовай да народу, але іх настолькі зачапіла пытанне няшчаснай жанчыны, вымушанай бегчы з дзіцём на руках з роднай хаты і прарабіць такі цяжкі шлях, каб тут апынуцца, што ўсе думкі былі занятыя толькі гэтым. У яе вачах чыталася столькі жалю, адчаю, мальбы. І яны літаральна заблішчэлі агнём веры і надзеі пасля запэўненняў пра дапамогу.
Кранутыя бядацкім лёсам бежанцаў, юнак і дзяўчына папрасілі караля Мацея зладзіць з імі сустрэчу, каб даведацца, чым можна дапамагчы, а можа, і каб атрымаць парады ці звесткі, як можна даць рады