з братам для нас сапраўдныя героі і насамрэч узор для пераймання для нас. Не памылюся, калі нават скажу – для ўсіх тут прысутных, – і пры гэтым натоўп ухвальна заківаў галовамі, пагаджаючыся. – Яскравы прыклад таму мой сын, – мужчына паклаў свайму дзіцяці руку на плячо і падвёў яго да юнака і дзяўчыны. – Мы назвалі яго Янка, у ваш гонар. Больш таго, калі наступнай народзіцца дачка, абавязкова назавём яе Міланай.
– Але…
– Мы абое, разам з жонкай, так вырашылі.
– Так, – пацвердзіла жанчына. – Гэта наша ўзаемнае жаданне.
– Дзякуем, нам гэта вельмі прыемна. Папросту гэта ўсё так нечакана, – збянтэжыліся Янка і Мілана. – І гэтыя прывітанні з раніцы, і вашы словы.
– Мы любім вас. Увесь народ любіць вас. Вы нашы сапраўдныя героі.
Пасля гэтых слоў усе прысутныя ўзняліся на воплескі.
– Слава героям! – загучалі гучныя воклічы, якія ўзносіліся пад столь і былі чуваць нават на замкавай плошчы.
Але ж юнакі толькі яшчэ больш засаромеліся, ад такіх высокіх пахвал ім рабілася няёмка. А з іншага боку, сам прыём іх вельмі ўсцешыў.
– Мы ад усёй душы ўдзячныя вам за такія цёплыя словы і прывітанні! – падзякавала Мілана. – Хоць самі сябе і не адчуваем настолькі значнымі і важнымі. Але ўсё адно нам вельмі прыемна, праўда. Усё-ткі хацелася б вярнуцца да таго, дзеля чаго, уласна, мы зараз сабраліся. Я з вялікім болем у сэрцы паставілася да таго, што сёння пачула. Вельмі цяжка і страшна апынуцца на чужыне, бо ў тваім доме запанавала бяда. І, хоць мы ніколі не адчувалі гэтага на сабе, але мы таксама ведаем, што гэта такое, калі з-за таго, што вораг вынішчае зямлю, людзі вымушаныя пакідаць свае хаты цэлымі сем’ямі. Пакідаць усё прыдбанае цяжкой працай, выкрэсліваючы цэлыя старонкі свайго жыцця, і не ведаць нават, ці вернешся калі назад, і ці яшчэ будзе куды вяртацца. Усё жывое мае вялікую любоў да таго месца, дзе нарадзілася і ўзгадаванае. І гэта вельмі страшна, калі цябе вымушаюць гэтае месца пакінуць. Страшна за сябе, за сваіх блізкіх, а найбольш – за сваіх дзяцей.
Слухаючы дзяўчыну, у многіх жанчын на вачах праступілі слёзы, і кабеты мацней прытулілі да сябе сваіх малых. Цяжка нават уявіць, што яны зараз адчувалі, і якія думкі, успаміны іх зараз раздзіралі. А Мілана тым часам працягвала:
– Таму ад сябе ўласна, дакладней – ад нас з Янкам, мы хочам падзякаваць каралю Мацею і жыхарам каралеўства за тое, што яны прынялі уцекачоў, не адвярнуліся ад іх бяды, а падставілі сваё плячо і прапанавалі свой дах над галавой, ды запрасілі да свайго стала. Гэты высакародны ўчынак мы ад усёй душы ўхваляем і падтрымліваем.
– Дапамагаць адно аднаму ў бядзе, выяўляць міласэрнасць – тое, што адрознівае разумную істоту ад дзікага звера, – мудра прамовіў у адказ Мацей. – А што да стала, то час ужо запрасіць нашых гасцей да яго. Мы вельмі радыя такім цёплым і шчырым прамовам, але гасцей прымушаць чакаць не можам, – усміхнуўся ён і паклікаў нарэшце прысутных рассаджвацца.
Дзетак пры гэтым пасадзілі асобна, у куце залы. А, каб ім не было сумна, паклікалі адмыслова