Алег Грушэцкі

Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд


Скачать книгу

галоўнае не апускаць рукі. Што-небудзь ды прыдумаем.

      – Добра, што вы зараз з намі. Ізноў, усе нашы спадзяванні на вас.

      Размова зацягнулася да позняга вечара. Гісторыя, што распавёў кароль Мацей, і расчароўвала, і прымушала задумацца. Дзеці былі ўпэўненыя, што пабачаць нарэшце мір на гэтых землях. Хаця, у каралеўстве Сварга, зрэшты, так і было. Але па суседстве. Бедныя Сэнмур і Рэгла, такія выпрабаванні леглі на іх юныя плечы. Янка з Міланай не былі тымі, для каго «за чужым плотам – не мой клопат», і да бяды сяброў яны паставіліся са спачуваннем, як да сваёй. Сябры сяброў не кідаюць, а дапамагаюць. А як трапілі ў небяспеку – то ўратоўваюць. А дапамагчы ім трэба было абавязкова, знайсці нейкае выйсце. Але якое?

      Яны былі і ўсцешаныя ад вяртання ў гэтае загадкавае каралеўства ды сустрэчы са старымі знаёмымі, і адначасова перапоўненыя цяжкімі думкамі і разважаннямі над тым, што яны могуць зрабіць, каб выправіць сітуацыю, каб даць адпор новаму злу.

      Падобна, што іх чакаюць новыя прыгоды і выпрабаванні. У Янку з Міланай зноў бачаць моц, і падобна, што на іх ізноў ускладаюць усе спадзяванні. А значыцца, яны не могуць падвесці і павінны ў чарговы раз апраўдаць давер.

      Прыём

      Наступным ранкам Янка прачнуўся ад лёгкага, але настойлівага грукату ў дзверы.

      – Хто там?

      – Яначка, ты не спіш? – пачуўся звонку голас сястры.

      – Ужо не. Заходзь.

      Ноч яны правялі ў спальнях для гасцей, прасторных і раскошных, як і мае быць у замку. Пакоі месціліся насупраць так, што дзверы глядзелі адны на другія, Мілана ўвайшла і разгублена спытала:

      – Ты чуеш? Што гэта за гул стаіць?

      Янка насцярожана прыслухаўся.

      – Здаецца, не чуваць нічога, – пацепнуў ён плячыма.

      – Ясна. Хадзем за мной.

      – Ды што здарылася? Дай хоць апрануся.

      І хлопец, нічога не разумеючы, вылез з утульнага ложка, накінуў вопратку, і рушыў услед за ўстрывожанай сястрой. Хуткай хадой яны заляцелі ў пакой Міланы, і яна падвяла брата да акна. За шыбай і насамрэч усё гуло. Падавалася, што там шумеў вялізны натоўп, чаго зусім не было чуваць са спальні Янкі, дзе вокны выходзілі на іншы бок замка.

      Хлопец паспрабаваў разгледзець, што там адбываецца, але ніяк не атрымлівалася. Віднелася трохі замкавая плошча, і тое – вельмі малая яе частка. Хаця і гэтага было дастаткова, каб заўважыць, што пад мурамі збіраецца ўсхваляваны народ.

      – Што там? – занепакоена пыталася дзяўчына.

      – Цяжка нават здагадацца. Адсюль дрэнна відаць. Мяркую, што нейкі натоўп сабраўся пад цэнтральным уваходам.

      – Яны ўсе сабраліся сюды ўвайсці?

      – Не думаю. Ва ўсялякім выпадку дакладна не падобна, каб яны мелі злыя намеры.

      – Хоць гэта супакойвае. Тады што?

      – Вось гэта і трэба высветліць. Самому цікава. Хадзем!

      Толькі яны выйшлі за дзверы, як на калідоры на іх ледзьве не наляцеў прыдворны, напэўна шамбялян, які адказваў за пакоі і гаспадарку пры палацы.

      – Вух! Вы ўжо ўсталі? Гэта файна, – пераводзячы дыханне, звярнуўся ён да іх. – Дзень добры, Ваша Мосць!

      – І