шчаслівыя твары, па якіх было відаць, што яны жывуць свабодна і дыхаюць на поўныя грудзі. А яшчэ – значна больш было простага люду, які цяпер адчуваў сябе роўным з заможнымі панамі. Так бывае, калі законы ў краі працуюць для ўсіх аднолькава, і калі яго жыхары ставяцца з павагай адзін да аднаго. Не было больш пагарды і пыхі на тварах вяльможаў, а твар кожнага з мінакоў быў ветлівы і ззяў добразычлівасцю.
Там-сям стаялі лаўкі купцоў і рамеснікаў. Чаго тут толькі не было – разнастайныя прысмакі на любы густ, ад якіх разгараўся апетыт, а яшчэ ганчарныя вырабы, кавальскія, ткацкія… Мілане нават захацелася таго-сяго набыць, яна падышла да адной гандляркі і намервалася ўжо нешта прымерыць, але брат яе адцягнуў:
– А расплачвацца чым будзеш?
– Я маю грошы.
– Ты яшчэ картку прапануй.
І тут яна апамяталася, што мясцовых грошай у яе і насамрэч няма.
– А-ёечкі, і праўду, – усміхнулася яна. – Ну, не лёс.
І яны пайшлі далей за павадыром. Хутка яны былі перад вялікімі масіўнымі дзвярыма, абабітымі чаканкай ручной работы з медзі – сапраўдны твор мастацтва.
– Рыцар Янка і каралеўна Мілана! Да караля! – прамовіў жаўнер да аховы і перад імі расчынілі ўваход.
Унутры былі шырокія парадныя мармуровыя сходы, якія вялі да троннай залы, якая таксама знаходзілася за дзвярыма, але ужо з дрэва, вельмі прыгожа распісанымі рознымі карцінамі, інакш і не скажаш.
– Рыцар Янка і каралеўна Мілана! – ізноў абвясцілі іх, але ўжо ўрачыста, і запрасілі ўвайсці.
У зале, на пэўным узвышшы, на раскошным троне велічна сядзеў кароль Мацей. Збоку стаяў даўгі стол, відаць, для баляванняў ці для прыёму высокіх гасцей, за якім сядзелі некалькі слынных рыцараў, сярод якіх дзеці адразу пазналі Мікалая, Рыгора і Прылепу. Здзіўляла толькі, што не было Вярнігары.
Юнакі паважліва схілілі галовы і накіраваліся да караля. Але той, нібы забыўшыся пра ўсе нормы прыдворнага этыкету, ускочыў з месца і сам хутка накіраваўся да іх.
– Да ліха ўсе цырымоніі! – усклікнуў ён узрушана. – Як жа я рады вас бачыць! Дайце ж я вас абдыму!
Дзеці нават трохі разгубіліся. А да іх ужо падарваліся і рыцары з-за стала, усцешаныя сустрэчы.
– Чаму ж вы без папярэджання? Я б учыніў сапраўдны баль у гонар вашага прыбыцця.
– Дык мы хутчэй так, праведаць, – усё ніяк не маглі адысці юнакі ад гэтак гарачай сустрэчы.
– Адно толькі ваша з’яўленне для нас ужо свята!
Пасля караля дазволілі сябе расчуліцца і рыцары, кожны з якіх меў за гонар паціснуць руку Янку і схіліцца перад прыгажуняй Міланай, іх сапраўднымі героямі, якія ўжо некалькі разоў ратавалі каралеўства ад бяды.
– З якой жа мэтай ці з якой нагоды вы да нас завіталі? Ці можам вам чымсьці дапамагчы?
– Сумавалі па вас. Вось і вырашылі выправіцца ў шлях.
– І гэта правільна! Нам таксама вельмі вас не ставала. Гэта ж колькі мы не бачыліся? Гадоў дзесяць?
– Недзе так.
– Хм, – падзівіўся Мацей, аглядаючы Янку і Мілану, якія за такі час амаль не змяніліся. Хаця ў