Андрэй Сідарэйка

Хабар


Скачать книгу

што працавала там. – Не на тую трапілі».

      Калі кіраўнік выклікаў да сябе, тая адказала:

      – У такой працы досвед трэба мець: як паліто ўзяць, куды яго павесіць. А тут чалавек не працаваў у гэтай сферы…

      Кіраўнік засумаваў. Адмовіць заснавальніку фірмы ён не асмельваўся. Але ўзяць чалавека і паставіць яго абы-куды, з-за чаго мог збіцца ўвесь механізм працы, ён таксама не мог. Таму Рыгор Цімафеевіч згадаў, што ўчора захварэла прыбіральшчыца, а мыць падлогу трэба. Больш таго, жанчына збіралася звальняцца, бо лічыла свой заробак мізэрным. Шэф прапанаваў новаму кадру наводзіць парадак у пакоях.

      І гэта ў Яўгена атрымалася таксама выдатна. Толькі цяпер ніхто не стаў аспрэчваць яго здольнасці. Шэф з палёгкай выдыхнуў.

      – Ведаеце, вы выдатна справіліся з гэтай работай, – сказаў ён хлопцу. – Мы з радасцю возьмем вас прыбіральшчыкам памяшканняў. З такой пасады ў нас пачыналі многія, у тым ліку і я. Яна ў нашай фірме стала першай прыступкай у кар’ернай лесвіцы. Таму віншую, вы прыняты! Заўтра чакаю зранку, будзем афармляць дакументы.

      Танны рамонт

      Гумарэска

      Бабуля Марына ўсё лета правяла на дачы: садзіла, палола, збірала. А потым сушыла, варыла, кансервавала – зіма ўсё падбярэ… І хаця б хто дапамог: адна. Вядома, дачка і зяць усё на працы ды на працы, а ўнучкам-падлеткам не да зямлі, у горадзе ў іх свае забавы. Здаралася, праўда, прыязджалі ўсе ўчатырох да яе ў выхадны. Ды дзе ж ты іх у грады пусціш? Паломяць, патрушчаць, не тое, што трэба, праполюць. Ды і дача ў іх свая, хаця там нічога не садзяць, толькі адпачываюць. Вядома, некалі з-за працы дзень пры дні.

      Вярнулася Марына ў сваю кватэру восенню. Выгрузіла з суседавай машыны нарыхтоўкі, заставіла імі прыхожую ды заснула як забітая ў мяккім ложку. А прачнулася, яшчэ на дзень не займалася: на кухні вада з крана – кап, кап, кап!.. Быццам хто цвікі ў скроні ўбівае.

      Паўздыхала старая, сяк-так дачакалася раніцы і пазваніла ў ЖЭС. Маўляў, так і так, прышліце сантэхніка!

      А адтуль: «Прышлём, але заўтра, бо ў яго на сёння ўсё распісана. Разлік – строга па тарыфе, адпаведна складанасці работы! Чым яе больш, тым даражэй».

      Вунь яно што!.. Могуць добрую капейчыну садраць, а да пенсіі – далёка. Праўда, ёсць нейкія грошы, прыхавала на ўсялякі выпадак. Але – не, сантэхніку не аддасць! Дачцэ трэба тэлефанаваць. Няўжо зяць не выручыць? Ён жа на аўтабазе гайкі круціць, што яму той кран?!

      З дачкой гаварыла нядоўга. Тая: і дзеці растуць, і сама абнасілася, і муж, Мікола, як ні сіліцца – не дужа зарабляе. Зноў паўздыхала старая, а потым рашылася:

      – Кран у мяне – кап ды кап… І спаць не дае, і лічыльнік круціцца, а вада гарачая. У ЖЭС тэлефанавала, кажуць, сантэхніка толькі заўтра могуць прыслаць. Аплата – па тарыфе. Ведаю я іх: тарыф тарыфам, а сантэхніку дай!

      – Дык Міколу прышлю, чакай! Навошта табе каму плаціць?

      І дачакалася. Зяць прыйшоў пасля шасці. З пляскатым чамаданчыкам у руцэ.

      – Што там у цябе, маці? – з дзвярэй запытаўся ён і ледзь не спатыкнуўся аб слоікі. – Ай, панастаўляла!

      – Прыбяру…