звычак, расплятаецца, як прагнілы гамак, і чалавек правальваецца ў пустату. У фінале адбываецца распад усіх навыкаў, застаюцца адно прымітыўныя рэфлексы. Усё гэта растлумачыў ім псіхіятр, на прыём да якога яны з Ральфам вазілі Ганса; і яшчэ ёй запомнілася, што розныя праявы той хваробы носяць нечакана прыгожыя грэчаскія назвы: агнозія, афазія, апраксія – тры сястры, тры антыподы Мнемазіны.
Ральф заўважыў дзівацтвы ў паводзінах бацькі, калі той раптам забыў рэцэпт соусу, які гатаваў ужо гадоў сорак да нядзельных страў, – гатаваў на старой электраплітцы, бо новая пліта, занадта «нагорнутая», з панэлямі пукатых кнопак, якую Ральф купіў у крэдыт, у свае сорак пяць запланаваўшы, нарэшце, ажаніцца (тое, што нявесты яшчэ не было ў наяўнасці, яго не бянтэжыла), аказалася для старога занадта складанай. Потым высветлілася, што Ганс запамятаваў, як робіцца кава; аднойчы ён вырашыў закіпяціць на электраплітцы малако ў пластыкавым кубку – пах ва ўсім доме стаяў яшчэ той, але сам стары яго не адчуваў: якраз перад тым у яго раптоўна знік нюх. Калі ж ён стаў ездзіць па цэнтры дарогі, не прытрымліваючыся правай паласы і не рэагуючы на сігналы кіроўцаў, а потым пакінуў у Эбенсфелдзе «фальксваген» адкрытым насцеж і рушыў дадому пешшу, яго давялося адлучыць і ад машыны. Менавіта тады пачалася Вялікая Эпоха Ключоў: Ганс пераварочваў усё ў пошуках ключоў ад «фальксвагена», хаваў звязку ад уваходных дзвярэй і паштовай скрыні, пры гэтым, зразумела, імгненна забываючы куды; цяпер ужо ключы пачынаў шукаць Ральф, і той пошукавы сверб, нібыта заразная бацыла, адразу ж перадаваўся кожнаму, хто ўваходзіў у дом. Ганс па дваццаць разоў на дзень спускаўся ў гараж, каб паторгаць за ручку дзверцы машыны, але адным ранкам паглядзеў на свой «фальксваген» з адцягненай цікаўнасцю натураліста, нібыта гэта – адноўлены для Мюнхенскага музея прыродазнаўства шкілет брантазаўра. Пра існаванне агрэгата, што рэгулюе ступень абагравання дома газам, агрэгата, які сам жа і ўстанаўліваў чвэрць стагоддзя таму, ён неяк вельмі хутка забыўся, а вось пра печ і дровы помніў доўга, і паліў так, што ў доме стаяла сапраўдная Сахара. Гэта, натуральна, злавала Ральфа: яму нарыхтоўваць дровы. Калі раней Ганс штодня чытаў мясцовую газету, то цяпер праглядваў толькі калонку з некралогамі, а ў хуткім часе ўжо і не разумеў, навошта патрэбны той шматок паперы з жучкамі-літаркамі. А ў васьмідзясяты дзень свайго нараджэння (Ларыса якраз аформіла ў бальнічнай касе штомесячную дапамогу па доглядзе – цяпер яна лічылася афіцыйнай Kránkenpflegerin хворага, то бок сядзелкай) вельмі здзівіў суседку Аліцыю, якая зайшла на кубачак кавы, на яе ветлівае: «Колькі табе споўнілася, Ганс?» – урачыста адказаўшы: «Сямнаццаць!» – «Дык табе вядома, як павярнуць час назад, Ганс!» – успляснула рукамі суседка, але ён, ужо забыўшыся пра яе, прагна жаваў пірог, спечаны новай сядзелкай, – што-што, а апетыт у яго заўжды быў выдатны, нават булачкі для сняданку яна пачала хаваць, бо ўсё, неабачліва выкладзенае на стол, ён з’ядаў уночы, а раніцай забываў і патрабаваў