ж, справіўся: праход да акна надзейна забарыкадаваны крэсламі з гасцёўні, двума матрасамі – усё перакулена і ссунута на сярэдзіну пакоя. Хворы раптам садзіцца на падлогу, яго настрой мяняецца. Па твары цякуць слёзы: «Я не хачу ваяваць! Я нікога не забіваў! Давай уцячом адсюль разам…» Ледзь удаецца яго заспакоіць і ўкласці на канапе ў гасцёўні. Ральф напаўголас лаецца: усё гэта яму надакучыла. Праз паўгадзіны зноў грукат, ляпанне дзвярэй; на гэты раз Ральф нават не выходзіць са спальні. Яна знаходзіць хворага ў ложку: ён «схаваўся» – нацягнуў на галаву прасціну. Ягоны твар, у размытых плямах старэчай пігментацыі, як размазаныя па талерцы грэцкія крупы, ажно ззяе ад усведамлення добра зробленай справы; ён жадае, каб яго пахвалілі, пагладзілі па рэдкім пуху на цемі, які зараз стаіць дуба. «Хутка пачнецца бамбёжка! – запрашае ён яе падзяліць радасць. – Але я выкапаў надзейнае ўкрыццё! Русішэ штука нас не дастане!» На ложак навалена адзенне, зверху грувасціцца каток для прасавання бялізны, які з часоў Эльзы ржавее ў кладоўцы (а ён цяжэнны!), дровы… «Ганс, якое ўкрыццё?! Вайна даўно скончылася!!!» – «Га? Скончылася?»
Толькі тады Ральфа па-сапраўднаму і зачапіла: будуючы ўночы свае «ўкрыцці», Ганс усюды запальваў святло – а за электрычнасць трэба плаціць! Яшчэ б, Ральф нават калядныя паштоўкі купляе летам, калі яны каштуюць усяго еўра, а не чатыры, як у снежні. «Трэба падлічыць страты! Баюся, у рэшце рэшт танней будзе здаць яго ў дом састарэлых!» Менавіта – здаць. Гэта было якраз тое, аб чым Ларыса цяпер марыла. Бо не жадала даглядаць былога нямецкага салдата, які ваяваў у яе дома. І яшчэ таму, што хацела, нарэшце, упэўніцца: іх з Ральфам шлюб – усё ж такі не суцэльная бухгалтэрыя. Бо ў хвіліны дэпрэсіі лічыла, што Ральф забяспечвае ёй дах над галавой і статус знаходжання ў краіне выключна з-за таго, што яна эканоміць ягоныя грошы, даглядаючы Ганса. Як высветлілася, ажаніўшыся з ёю, Ральф зрабіў дальнабачны крок: мець жонку-беларуску танней, чым плаціць хатняй работніцы і сядзелцы; прыкладам, сядзелка з Прыбалтыкі запатрабуе ад трохсот еўра (а з такім няпростым пацыентам – у паўтара раза больш). Аддаць жа Ганса ў дом састарэлых занадта дорага: давялося б развітацца з пенсіяй старога ды часткай уласнага прыбытку. Такім чынам, як усё ж такі жанчына, яна жадала атрымаць доказ таго, што іх саюз з Ральфам трымаецца не на вар’яцтве Ганса ў якасці адзінага фундамента.
Але куды, хацела б яна ведаць, падзеўся зараз гэты «фундамент»?
Ад таго, што недарэчнае сённяшняе здарэнне пачалося са званка Лады, яна не прыдумала нічога лепшага, як набраць яе нумар, загадзя раздражняючыся ад манеры Лады размаўляць, – роблена-ляніва пазяхаючы, расцягваючы ненатуральна чырвоны рот (стойкая айчынная звычка: мясцовыя не ўжываюць касметыку), – але ў слухаўцы раздалося «часова не даступна». Ага, Лада адправілася да той быццам бы ўнучкі сібірскага шамана і, вядома, адключыла мабільнік! Адразу ж ёй успомнілася іншая гутарка з Ладай, пасля паездкі ў Кульмбах, у замак Пласенбург, дзе ім пашчасціла