Мікола Міхайлавіч Адам

Беркут. Кніга першая


Скачать книгу

з Пятровічам у бальніцу, – не стала маніць Ларыса. Яна ўвогуле не любіла падманваць людзей, тым больш сталага веку, хоць у жыцці давялося нямала казаць хлусні, мусовай, натуральна, і датычнай іншых абставін, палярна іншых, павязаных з асабістымі праблемамі інтымнага характару. Еўдакія Дзянісаўна разумная жанчына, і падманваць яе – не варыянт, нават калі падман лічыць карысным. Не той выпадак. Ларыса, можа б, і распавяла ўсё як на духу, бо не бачыла сэнсу ва ўтойванні інфармацыі, якой не валодала, таму адно развяла рукамі і ў думках насварылася на Мішку. Ён пераклаў адказнасць перад маці з сябе на яе, што таксама можна зразумець, але нельга так рабіць, яна ненавідзела падобныя сітуацыі. Ненавідзела сябе, калі не магла нічым дапамагчы.

      – А мне сказаў, што з Леўсам нешта штукарыць, – задумліва працягнула Еўдакія Дзянісаўна. – На ноч гледзячы. Не разумею, як іх штукарствы павязаны з Жэнем.

      – Капец! – не ўтрымалася Наташка ад каментара. Ларыса сувора паглядзела на яе, і дачка адвярнулася да кніг за спінай, што суцэльнай сценкай, быццам шпалеры, апаясвалі палову памяшкання. Кнігі выпісваў і купляў Беркут. Ён лічыў найвялікшым дасягненнем чалавецтва пісьменніцкую творчасць, хоць ніколі нават не задумваўся штосьці напісаць, як, напрыклад, яго сучаснікі Віктар Астаф’еў, Юрый Бондараў, Васіль Быкаў, Барыс Васільеў ці Грыгорый Бакланаў. З задавальнененнем чытаў, асабліва як выйшаў на пенсію, але сапраўднай кнігаманкай была Еўдакія Дзянісаўна. Калі не глядзела тэлевізар, яна абавязкова чытала. На яе тумбачцы побач з фатэлем заўжды грувасціліся стосы кніг і часопісаў.

      – Жэня не патэлефанаваў, не папярэдзіў, што затрымліваецца, – працягвала Беркуціха, – а гэта азначае, што з ім нешта здарылася, нешта нядобрае, калі дагэтуль не прыйшоў. Я ведаю гэта дакладна, бо ведаю Жэню. Вы штосьці ведаеце, але маўчыце. Напэўна, не хочаце мне рабіць балюча. Аднак робіце. Сваім маўчаннем.

      Яна быццам упікнула Ларысу з Наташкай. І не быццам, а ўпікнула. Таму Наташка, якая памкнулася была паказаць бабулі калекцыю пакетаў, разумеючы, што несвоечасова, тым не менш пакрыўджана перадумала і села за стол з боку пакоя, які належаў дзядзьку Мішку. Ля іншага бока стала знаходзіўся фатэль Беркута, у якім сядзела Ларыса. Стол як бы падзяляў пакоі старых і іх сына, вялікі, рассоўны, па святах гасцінны, зноў жа з кнігамі да столі па сценцы, засланы выкшталцоным абрусам бел-чырвона-белага колеру з украінскім вышытым уручную арнаментам. На стале нязменным атрыбутам пукацілася шкляная ваза з букетам штучных кветак, побач з ёй, таксама нязменная і шкляная, застыла ваза, больш падобная на вычурную глыбокую міску, напакаваная з горкай цукеркамі, печывам і пернікамі, да якіх адразу і пацягнулася Наташка, аднак нічога не ўзяла, адно перабірала, не вымаючы, каб заняць рукі.

      Тэлефон у вітальні непрыемным і быццам нязвычна гучным віскатам перацягнуў увагу на сябе, але ніхто з трох прадстаўніц розных пакаленняў жанчын не зварухнуўся з месца.

      6. Май 1937 года. Горад Кранштат.