Уладзімір Навумовiч

Беларуская лiтаратура


Скачать книгу

можна зрабіць вывад, што ў часы Антычнасці на першы план выходзіў культ грамадства, поліса, грамадзянскасці, калі кожны грамадзянін адчуваў сваю еднасць з грамадой, далучанасць да дзяржавы, прымаў удзел у яе жыцці, прыкладаў намаганні дзеля ўзмацнення яе магутнасці. Услаўляўся герой не толькі гарманічны (Афіны), але і аскетычны (Спарта), адкуль і пайшоў выраз “спартанства”, калі герой у імя высокіх мэт і велічы дзяржавы, дзеля высокай ідэі ахвяроўваў зямнымі радасцямі і ўцехамі, вёў спартанскі лад жыцця, абмяжоўваў сябе. Развіваліся гуманітарныя і прыродазнаўчыя навукі, значна ўзрос у грамадстве аўтарытэт вучонага, вынаходніка, чалавека таленавітага, узмацнялася павага да філосафаў, аратараў, мудрых асоб, якія ўмелі запаліць словам людскія душы, павесці за сабой. Шырока развівалася ў часы Антычнасці выяўленчае мастацтва. На першым плане часоў Антычнасці – культ фізічнай прыгажосці (багі, героі Гамера, удзельнікі Алімпіяды). Тэатр “забірае” ў палон грамадзян, якія прагнуць прыгожага – “хлеба и зрелищ”, у грамадстве пануе ўслаўленне ўсіх зямных уцех і радасцей жыцця, міфы, вера лёс.

      Сярэднявечча – перыяд ад V ст. н. э., з часоў падзення Рымскай імперыі, да XV ст., калі пачалася эпоха Адраджэння. Гэта быў час, калі ў цэнтры светапогляду, людской увагі былі нябесныя сілы, калі надзвычайнае пакланенне Богу і рэлігійны (хрысціянскі) культ панавалі ва ўсім жыцці. У гэты час узрос аўтарытэт Бібліі, шырока распаўсюджваліся шматлікія рэлігійныя вучэнні, вывучаліся пропаведзі святых айцоў, немагчыма было не прыслухоўвацца да настаўленняў царквы і касцёла. Аскетызм і рыгарызм сталі нормай чалавечага існавання. Узнікла манаства. Служэнне Богу станавілася самым распаўсюджаным заняткам. Панаваў культ рэлігійнага падзвіжніцтва, захавання рэлігійных канонаў, догмаў. Шырока бытаваў у Сярэднявеччы культ рыцара, які змагаўся на ратным полі, ажыццяўляў свае подзвігі ў імя росквіту і магутнасці краіны. Воінскі гонар, доблесць і адвага цаніліся ў грамадстве вышэй за ўсё. Сярэдневяковая культура грунтавалася на жанравым сінкрэтызме (злітнасці) форм: царкоўнай і свецкай, першая з якіх, больш афіцыйная, часам прыходзіла ў сутыкненне з простанароднай, “смехавай”, карнавальнай, агульнадаступнай.

      У эпоху Сярэднявечча распаўсюджвалася рэлігійнае асветніцтва, у светапоглядзе пераважаў хрысціянскі гуманізм. Аднак усё прыкметней станавілася панаванне схаластыкі, традыцыяналізм змяняўся кананічнасцю, дагматызмам, а нярэдка і нецярпімасцю да іншадумства і свабоды выбару. У свецкай літаратуры вельмі мала ўвагі ўдзялялася пакутам і нягодам простага народа. У процівагу царкоўнай і саслоўнай літаратуры для духавенства і дваранства ў асяроддзі простага люду ўзнікла народная літаратура, як аўтарская, так і ананімная.

      Але менавіта ў эпоху Сярэднявечча назіраўся рост буйных гарадоў, заяўлялі аб сваёй самастойнасці новыя дзяржавы, ішло інтэнсіўнае станаўленне і фарміраванне з жывых народных гаворак нацыянальных моў. У Еўропе ўзнікла кнігадрукаванне. Ажыццяўляліся вялікія падарожжы,