Уладзімір Навумовiч

Беларуская лiтаратура


Скачать книгу

Адраджэння (XIV–XVII стст.) – найважнейшы этап у развіцці сусветнай культуры. Адраджэнне чаго, патлумачым у першую чаргу. Гэта было новае “адкрыццё” Антычнасці, адраджэнне ўвагі да чалавека, яго ўнутранага свету, пошукі гармоніі Чалавека і Свету. Адраджалася павышаная цікавасць да культуры, навукі, літаратуры, да духоўнага свету асобы, яго гармоніі, да традыцый Старажытнай Грэцыі і Рыма. Але гэтае Адраджэнне (Рэнесанс) адбывалася на новай аснове. Узрасла цікавасць да самога чалавека, дзякуючы чаму значна пашыралася гуманістычнае светаўспрыманне, светаразуменне і светаадчуванне. Быт і быццё асобы ў грамадстве сталі асновай для раскрыцця ўнутраных заканамернасцей развіцця жывой паўсядзённай рэчаіснасці. Чалавек станавіўся свабодным у сваім выбары. Пафас радасці жыцця стаў галоўным зместам і сэнсам існавання. У грамадстве вылучаюцца тытаны духу, абагаўляюцца асобы-творцы, расце павага да тых, хто займае адпаведнае высокае месца на іерархічнай лесвіцы. Адбываецца актыўнае абуджэнне народнай свядомасці.

      Менавіта ў гэты час актыўна развіваюцца філасофія, мастацтва, культура, якія садзейнічаюць духоўнаму станаўленню асобы. Варта прыгадаць выдатную кнігу “Вопыты” французскага мысліцеля XVI ст. Мішэля Мантэня, імёны сусветна вядомых вучоных Джардана Бруна, Тамаза Кампанэлы, Эразма Ратэрдамскага, Мікалая Каперніка, Галілеа Галілея. Можа, упершыню людзі так моцна задумаліся пра будучае ўсяго чалавецтва, спрабуючы прадказаць новае ўсталяванне сацыяльнага ўкладу ў грамадстве.

      Эпоха Адраджэння характарызуецца інтэнсіўным развіццём адукацыі, навукі. Замацоўваюцца цікавасць і навуковыя ўсебаковыя падыходы да разумення асаблівасцей псіхікі і анатоміі чалавека.

      Асаблівага росквіту дасягнула ў эпоху Адраджэння выяўленчае мастацтва, аб чым сведчыць творчасць Рафаэля, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Батычэлі, Тыцыяна.

      Адраджэнне пачалося ў Італіі.

      Эпоха Адраджэння, магутнымі выразнікамі якой былі шматлікія пісьменнікі, мастакі, кампазітары, дойліды, з’явілася, па сутнасці, абуджэннем усяго грамадства. Свету нібыта адкрываліся новыя погляды на прыгажосць, чалавека, прыроду. Глыбей выяўлялася душа чалавека ў мастацтве слова.

      Больш разнастайнай стала архітэктура гарадоў, у іх узводзіліся ратушы, храмы, палацы, многія з якіх на Беларусі ствараліся па праектах выдатных італьянскіх дойлідаў. Новыя лініі ў архітэктуры часам яшчэ спалучаліся з готыкай, але ўсё выразней паўставала свабода творчасці ў горадабудаўніцтве. Рэалізм мастацкага адлюстравання рэчаіснасці, увага да праўды жыцця давалі вялікую прастору для шырокага праяўлення таленту мясцовых майстроў, самавукаў з народа. У літаратуры, жывапісе, архітэктуры заявілі аб сабе сапраўдныя народныя таленты. З’явіліся першыя беларускія прафесійныя пісьменнікі. У краінах Еўропы пачынаўся сапраўдны росквіт мастацтва і літаратуры. Чалавек стаў мерай усіх маральна-этычных і духоўных каштоўнасцей, прыгожага ў мастацтве. Homo pulcher – чалавек прыгожы – заняў трывалае месца ў паэзіі, прозе, драме.

      Эпоха