кій, усхопліваўся раптам на ўсе ногі і бег, не гледзячы, угрунь, як той ліхі казак на ворага ў атаку, з выстаўленым, як ражон, кіём, заместа пікі, і распусціўшы кажуховыя полы па волі ветру. Бег і пяяў на ўсю сілу:
А хто там ідзе, а хто там ідзе
У агромністай такой грамадзе?
– Беларусы!!!
Слова «беларусы» крычаў ён што ёсць духу, дзіка, праразліва, быццам склікаючы другіх падобных неўрастэнікаў на страшэнны гвалт.
І бег так, халяруючы, аж пакуль не выбіваўся з духу. Тады ўжо прыставаў, збаяўшыся, што можна прастудзіцца, бо аж да поту ўвагрэўся і ляціць з разяўленаю глоткаю.
І ішоў паціху, з весялейшым сэрцам, але з маленькім сорамам. Як трошку вінаваты, без злосці пазіраў на хаты, а там гарэла ціхае сялянскае святло і гулялі святам людзі.
III. І так быў не першы і не апошні звычайны калядны вечар даўнага рэжыму…
Не гарыць, а цьмее…
І так быў не першы і не апошні звычайны калядны вечар даўнага рэжыму, калі ўдзень можна працаваць, а як сцямнее – грэх, дзеля чаго бабы не прадуць, мужчыны не плятуць лапцей, а хлопцы і дзеўкі збіраюцца на вечарушкі.
Бацька ляжаў наўзнак на печы, паклаўшы ў голавы старэнькі армячок. Матка сядзела ля яго на запечку, падпёршы схіленую набак ад маўклівасці і зробленае за век працы галаву праваю рукою, а локаць паставіўшы на далонь левае рукі, – адным словам, так, як сядзяць усе старэйшыя ці збедаваныя славянскія, а ў нашым краі нават і жыдоўскія, жанчыны.
Лявон, вядома, сядзеў на зэдліку пры стале, узняўшы галаву троху вышэй, пад цямнявую малую лямпу (бо дарагоўля на карасін), і чытаў. Вочы бегалі па кнізе, а думкі ішлі сваім шляхам.
У хаце ж былі толькі яны ўтраіх: бацькі і ён, бо ўсе няўчоныя маладзейшыя пабеглі гуляць.
Бацька думаў сваё, Лявон сваё, а матка думала аб сыне: як бы гэта яго развесяліць?
Калі ён, няўпрыцям сабе, цяжанька ўздыхнуў, яна прамовіла, асмеліўшыся перабіць яго чытанне:
– Сыночак!..
– Ну, што? – з ніяк няскрытай злосцю ў голасе перабіў пытанне сын.
– Трэба ж ткі табе сядзець цалюткі дзень у хаце! – яна перамяніла рукі і прыхінулася прасцей да цёплай печы. – Прайдзіся ты на вечарушкі, пагуляй з людзьмі…
– Што я там знайду? – адказаў сыночак, мімаволі натапырыўшыся, як той індык.
– Ну што: вядома, што… усе гуляюць.
– Ну так: вядома, што… – гэтак сказаў Лявон, а тое, што хацеў бы сказаць далей, тое толькі падумаў.
«Знайду тупагаловых дзевак, – падумаў ён, – буяншчыкаў-хлапцоў, расейскую брыдкую лаяніну, гульню на грошы ў карты, гідкае скалазубства, насміханне над маімі думкамі аб лепшым, зусім не гэтакім жыцці».
– Усе гуляюць, а ты сядзіш адзін у хаце, – сказала матка.
– Я не адзін, а з вамі…
– Што – што з намі? Ты з намі нічога не гамоніш.
– Пытайцеся ў мяне, калі што хочаце пытацца…
Матка памаўчала, падумала, а падумаўшы, сказала:
– І дзеўкі ўжо дзівіліся, чаму гуляць не ходзіш.