цёмналескае лазні.
Бацька тым часам напрануў старэнькую дублёнку, уздзеў на голыя ногі апорачкі – і мусіў пастаяць, пакуль Лявон вымаў з кішэні ключык, ножык, партманецік і ўсякую дробязь, каб не згубіць у лазні.
– Барзджэй! – крыкнуў яму Лаўрынька, паспеўшы злазіць па венік і стаўшы з гэтым венікам у руках, як салдат на варце, і босы, нягледзячы на жаночыя матчыны ўпросы, каб не бег у лазню па снезе галаногі.
– Паспееш з козамі на торг, – жартаўліва адказаў яму Лявон, уздзяваючы старыя валенкі, пададзеныя маткаю, каб ён, адзвычаены ад цёмналескай простасці, не прастудзіўся ў лазні з сваімі маруднымі на ўздзяванне ботамі.
– Паслухаў бы во мамы ды абуўся, цёмналескі дзікун, – нібы ізноў жартам, але з асадкам цывілізованай горычы дадаў Лявон.
– Лазня блізюхтанька, буду я абувацца! Што я – пан? – пакрыўдзіўся за сваю ўдачу Лаўрынька, бо вядома, што кожны цёмналесец такога веку ходзіць у лазню, хоць пры якім надвор'і, канешне, босы.
– Калі не абуешся, я не пайду ў лазню, – цвёрда сказаў Лявон і падаў яму свае боты: – Абувайся!
Бедны Лаўрынька, з слязьмі на вочах, мусіў улезці ў іх, бо дужа любіў брата, хоць ужо і заўважаў у ім некаторыя непатрэбныя прыхамаці.
Урэшце Лявон адчапіў свой кішэнны гадзіннік, адзяг матчын кажух, каб не запэцкаць у лазні свайго пальта, – і пайшлі ў лазню.
Лазня была за гоні ад хат, каля заплыўшае канавы, што была некалі, пакуль яшчэ паны лясоў не прадавалі, даволі добрай рэчкаю. Чорная ўся прост на вугалле, – бо шмат разоў на сваім вяку гарэла, але заўсёды шчасціла ўратаваць яе ад агнёвай навалы, – ліпела сабе тая лазня на ўзгорачку. І пакуль Лявон узглабаўся на гэты ўзгорачак, паваліўся, бедны, два разы і абскробаў правую руку аб мёрзлы снег. Лаўрынька павесялеў, чуючы цяпер у сваім спрыце перавагу, падбег к яму, крыкнуў:
Конец ознакомительного фрагмента.
Текст предоставлен ООО «ЛитРес».
Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на ЛитРес.
Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.