хлебніцы – батон. На хуткую руку зрабіўшы бутэрброды, захапіў шклянку і вярнуўся ў пакой. З унутранай кішэні курткі выцягнуў пляшку «Крышталя-люкс», адкаркаваў, наліў, выпіў, адкусіў бутэрброд, закурыў.
– Сука! – злосна прашыпеў.
Віктар сеў на ложак і апусціў галаву. Валасы яго былі доўгія, але шнар ад раны прыкмячаўся, хоць рану гэтую ён зарабіў не на вайне. Так, ён быў на вайне, якую за вайну ніхто не лічыць, хоць там і гінуць людзі, і зноў збіраецца ехаць туды. Чаго? Ён бы таксама хацеў ведаць – чаго? Смешна ж з-за нейкай сцервы загінуць, і ён сам разумее, што смешна, толькі іначай не можа, хоць будзе пасля шкадаваць аб зробленым ці не зробленым, якая да д’ябла розніца?!
Яна казала: інтэлігентныя людзі не сварацца… Тут не тое, што не сварыцца… Хаця, глупства гэта ўсё. Дый які ён, па сутнасці, інтэлігент? Тры курсы філфака, журналісцкая практыка, вайна… Ён жа, акрамя як страляць і пісаць, нічога не ўмее. Дый пісаць, як яна кажа, таксама.
Віктар зноў выпіў, закусваць не стаў.
…Той раз ён паехаў не з-за яе. Віктар увогуле яшчэ яе не ведаў. Працаваў у газеце, дакладней, падрабляў, пісаў вершы, якія хвалілі, раілі кніжку выдаваць ды ўступаць у Саюз пісьменнікаў.
Каханне? Каханне было, ды не такое, як да Вікі, таму і вярнуўся адтуль жывы і здаровы. Гэта ўжо тут яму галаву пабілі, а там толькі драпіны займеў; на гэты ж раз, калі паедзе, сам будзе пад кулі лезці, ведае па сабе. І тады лез, бо малады, бесталковы, Лермантава начытаўся, рамантыка ў мазгах віравала… дурны быў. А цяпер яшчэ дурнейшы.
Віктару прапанавалі паехаць у «гарачую кропку» як журналісту. Ён заганарыўся: давяраюць такі важны крок зрабіць у кар’еры! Гэта потым даведаўся, што ўся рэдакцыя ад гэтай прапановы адбрыквалася рукамі і нагамі, бо ўсе ведалі, што такое вайна, хоць на ёй ты і журналіст. Куля не разбірае, журналіст ты альбо салдат. Ёй усё роўна… А Віктар ледзь не скакаў ад шчасця, што едзе ў Таджыкістан. На развітанне рэдакцыя ў ягоны гонар наладзіла банкет, шэф абяцаў добра заплаціць і «плаціць» па сённяшні дзень… Да Вікі ўся гэтая вайна не мае аніякага дачынення, але пры чым тут Віка?
Трэці тост за тых, хто не вярнуўся з бою. І Віктар выпіў паўнюткую шклянку, закурыў.
З Вікай ён пазнаёміўся год таму. На вяселлі сябра. Яна таксама нешта пісала і любіла савецкі баявік пра мушкецёраў, як і Віктар. Мабыць, гэта і наблізіла іх адно да аднаго. Віктар вар’яцеў, калі яе не было побач. Раней жыццё яго было насычана рызыкай і гульнёй са смерцю, з Вікай – іншае. Без яе кожны дзень здаваўся яму пустым. Ды яна, як заедзь, лезла да яго з роспытамі, раскажы ды раскажы… Абуралася тым, што ён нічога не расказвае пра тую вайну… Гэта ж не анекдот, не ўрывак з любоўнага рамана. Дый што ён мог расказаць? Як яго параніла? Расказваў. Выхваляўся, як жа, герой! На спушчаных колах вывеў машыну з-пад абстрэлу з шасцю чалавекамі, там яго аднаго-адзінага і зачапіла, не цяжка, праўда, прастрэліла клуб навылёт. Што яшчэ? Самому ўспамінаць жудасна…
…Пасёлак Пештар… 27-ая застава… Чарада авечак… капітан Астравух – абруселы беларус, белабрысы і насаты, нібы Колас, высокі і худы, як Кафка, з вусікамі белагвардзейскага афіцэра… Ваня Рабінін, маскоўскі