Уладзіслаў Ахроменка

Тэорыя змовы


Скачать книгу

таму Ваша Свяцейшаства і замовілі мне выштукаваць копію?

      – Падробку, – спагадліва паправіў срэбнабароды. – Падробкі заўсёды лепшыя за арыгіналы. Іх ствараюць па пэўных замовах для канкрэтных нагодаў, а таму яны вызначаюцца дакладнасцю і выключаюць двухсэнсоўныя тлумачэнні. Падробка застанецца тут… А праўдзівую Дзіду Лангіна мы пераправім у такое месца, дзе ніякае быдла не здагадаецца яе нават шукаць.

      – Ці далёка?

      – На самы скрай цывілізаванага свету, – стары сцішыў голас да змоўніцкага шэпту. – Увесь час забываюся, як тая зямля завецца… Ці тое Сарматыя, ці тое Літва. На беразе Барысфена стаіць нейкі Таргачоў, уладарніцтва пляменніцы слыннага міланскага герцага Людовіка. Аўгусцейшая Бона Сфорца д’Арагона, жонка тамтэйшага караля Жыгімонта – мая кузіна.

      – Няўжо ў гэтай дзікунскай краіне таксама вядуцца нейкія адраджэнцы? – не паверыў маладзён у ядвабным камзоле.

      – І нават свядомыя! Яны і ўратуюць святыню. Галоўнае цяпер – незаўважна для ўсіх пераправіць Дзіду туды.

      – Але ж місія цалкам невыканальная! Наша фартэцыя ў шчыльнае аблозе.

      Дзядок задуменна паглядзеў на каменнага анёла. Доўгі меч пагрозліва блішчэў у святле паходняў. Жалезныя крылы выразна акрэсліваліся на тле глыбокага зорнага космасу.

      – Мой нунцый Францыск Гастэла здолее выканаць і не такі загад, – загадкава патлумачыў срэбнабароды. – Нунцый – таксама адраджэнец?

      – Ён пакляўся мне ў вернасці на Мадоне Рафаэля! А цяпер, месір Бенвенута, я хацеў бы паглядзець на выштукаваную вамі падробку.

      Крокі і словы сцішыліся ў замкавай анфіладзе. Скіргайла нясмела выбраўся з-за каменнага зубца. Зрок, слых і розум відавочна не маглі сінхранізаваць атрыманую інфармацыю. Малады спецыяліст намацаў у кішэні пляшку «Аліварыі», і гэта крыху замірыла яго з рэчаіснасцю.

      З цемры бліснула вытанчаная лытка, аблітая клятчастым капронам.

      – Спадар Скіргайла нечым незадаволены? – зацурчэў зманлівы, бы ў русалкі, голас.

      – А чаму гэтыя фацаты называлі мяне, адраджэнскага паэта, дробным уродам? – Скіргайла нервова каўтануў з рыльца.

      – Таму што ты насамрэч і ёсць дробны ўрод! – сінявокая брыгітка эфектным рухам паднесла да скіргайлавага твара люстэрка.

      Адраджэнец глянуў і скамянеў у паралюшы. Мозг актыўна адмаўляўся ўсвядоміць інфармацыю, баронячы крохкі розум…

      Са срэбнага прамакутніка на Скіргайлу глядзеў сумны карлік у блазенскім каўпаку з бліскучымі шархунамі – рыхтык, джокер са старасвецкай картачнай калоды.

      Доўгі хвост з дагледжаным пэндзлікам зашархацеў пергаментам з адбіткам казлінага капыта.

      – Чытай сам. Згодна «Кантракту на запродаж душы», ты – дробны паплечнік вялікага адраджэнца, – пякельная прыгажуня вяла сваю лінію з прагматычнасцю бульбакапалкі. – Твой гаспадар – месір Бенвенута Чаліні, адраджэнскі тытан, ювелір, штукар і бамбардыр. А ягоны нядаўні суразмоўца, срэбнабароды дзядок з высокім