Уладзіслаў Ахроменка

Тэорыя змовы


Скачать книгу

дарогі! На капусту пашаткую! – дэклараваў злосны карлік, выстаўляючы перад сабой суперзброю.

      Вартаўнікі, аднак, не адрэагавалі на папярэджанне. А шабельнікі ўжо набліжаліся з трох бакоў. Няпэўныя агні паходняў скакалі па скляпеннях, гудкім рэхам рассыпаліся крыкі ваяроў-загоншчыкаў.

      Пастка з хрубастам зачынялася. Скіргайла замітусіўся, ліхаманкава выглядаючы, куды б схавацца… І тут начны вецер вынес з цемры бялюткае пёрка. Яно крутанулася і паволі паплыло ад брамы, нібыта паказвала шлях да паратунку. Паэт гіпнатычна зірнуў на пёрка і кінуўся следам. За спінай уцекача бразгала зброяй, тупацела абцасамі, імпэтна лаялася шляхецкая лава.

      Пёрка праляцела вузкім праходам і бязважка апусцілася на высокі памост, застаўлены пузатымі бочкамі. Дубовыя плахі пругка ўгіналіся пад вінным і піўным цяжарам.

      Шляхцюкі адважна наступалі паўколам, выставіўшы наперад клінкі. Шызыя і чырвоныя насы прагна шморгалі, уцягваючы чароўны водар каралеўскіх запасаў. Скіргайла скочыў на памост.

      – Зловім урода, пасадзім на палю і… адсвяткуем! – данеслася ананімная прапанова знізу.

      – А то! – салідарна адгукнуліся пераследнікі.

      Засцянкоўцы адважна палезлі за блазнам, і драўляны пандус імгненна адгукнуўся прагным тупатам.

      – А хрэн вам у вочы! – Скіргайла наваліўся плячом на бочку, і засукаў боцікамі.

      Бочка цяжка зрушылася, з пагрозлівым грукатам пакацілася насустрач нападнікам, змяла з тузін шляхотных п’янтосаў і смачна вухнула ў мур. За ёй пакацілася наступная. За ёй – яшчэ адна…

      Абложнікі панічна разбягаліся. Хрумсцелі абручы, разляталіся клёпкі. Чорнай крывёй пырскала віно, шугала па бруку медавуха, аблокамі шампуню выбухала піва. Вусатыя засцянкоўцы сарамліва паўставалі з піўнога шуму, бы Венеры адраджэнца Батычэлі.

      За апошняй бочкай, скінутай на шляхцюкоў, адкрыліся жалезныя дзверцы таемнага ходу. На цяжкім замку трымцела бялюткае пёрка. Скіргайла ўзмахнуў непераможным старарымскім лязом…

      Пякельныя істоты знерухомелі перад маніторам у трывожным чаканні развязкі. Пуцаценькі шчасліва мружыўся ў сне. І тут панараму на экране ўзбагаціла адметная дэталь: з-за замкавай вежы паволі выплываў жахлівых памераў кажан. Гіганцкія скураныя крылы на якую секунду засланілі поўню. Відавочна, папскі нунцый Гастэла вырашыў даць рады тутэйшым барацьбітам са змагарамі.

      Карцінка ў ноутбуку недарэчна завіравала. Мільганулі замкавы мур і касцельная вежа ў будаўнічых рыштаваннях. Нечакана ў экран упоўз вялізны штандар з геральдычным вершнікам, але праз секунду перад нячысцікамі праявілася іншая карцінка…

      Па раскошных зорных нябёсах паволі праплываў крылаты нунцый, несучы здабычу – віхлястага блазна. Скіргайла, задраўшы голаў, бездапаможна вымахваў Дзідай Лангіна правай рукой, і пляшкай з-пад «Аліварыі» – левай.

      – Віват месіру Гастэлу! – азваліся шляхцюкі знізу. – Пане-браце, гайда да сталоў!..

      Францыск Гастэла, згінаючыся пад цяжарам здабычы, акуратна