з’ехаў з асфальту і хіснуўся на рыпучых рэсорах. Капейкін збляднеў, што тая спірахета, і схапіўся за жывот – відавочна, у ім распачаліся некіруемыя хімічныя працэсы.
– Макруха, спыніся, бля, спыніся! – афіцэр штурхануў двёркі, скочыў на зямлю і ледзь паспеў схіліць голаў.
Перасычаны армейскім досведам прапаршчык ніяк не зрэагаваў на пакуты камандзіра. А вось загадчыца Дома Культуры не стрывала.
– Можа, актываванага вугалю? – спачувальна прапанавала яна, рэагуючы больш на гук, чым на карцінку. – У аптэчцы, напэўна, ёсць.
– Пі-іва бы… – Капейкін выцер слізкае падбароддзе рукавом камуфляжа.
– Не ўратуе, – дасведчана прыкінуў Макруха. – Трэба грамаў трыста засадзіць. А то і ўсе трыста пяцьдзесят.
– Нельга ані таго, ані другога! – Манда Іванаўна выбралася з фургона і далікатна зарыентавала пакутніка да расчыненых дзвёрак. – Наш вядзьмак п’яных на дух не зносіць! Адразу за парог выставіць…
– Што ж за жыццё такое пайшло! – капітан трагічна абхапіў голаў. – Куды ні кінь – поўны пісец! Выпіваць нельга. Расею прадалі. Жонка – дура. Дачка – шкура…
– Іншародцы паўсюдна, – падказаў прапаршчык.
– …і апаратура дагэтуль не аджыла! – афіцэр мудрагеліста мацюгнуўся. – А ўсё з-за таго натаўскага метыярыта.
Электроніка на вайсковай базе «Волга-Волга» не працавала ўжо другія суткі, хаця капітан Капейкін рабіў усё, што ўмеў. Спярша сумленна павяртаў на месцы скрадзеныя дэталі. Потым ляснуў па галоўным пульце кавадлам. Пасля выклікаў слесара з таргачоўскага Дому Быту. Але ўсё было дарэмна. Зрэшты, афіцэр меў у запасе яшчэ колькі варыянтаў вырашэння праблемы. Аднак першыя супярэчылі Статуту каравульнай службы, другія гарантавалі непапраўную шкоду здароў’ю, а трэція былі невыканальныя з прычыны абсалютнага вычварэнства.
Прапаршчык Макруха паглядзеў на капітана Капейкіна, пахмяліўся, пагартаў сакрэтныя дакументы, распачаў новую пляшку, агледзеўся, намысліўся, напружыўся, перахрысціўся на антэны і прыйшоў да высновы: усё гэта – інтрыгі мясцовых нячысцікаў, а таму рады можа даць адно аўтарытэтны вядзьмак. Загадчыца Дома Культуры бескарысліва ўзялася паказаць дарогу да тутэйшага варажбіта…
Аўтапеленгатар калываў уздоўж жытнёвага поля. Дзень плавіўся і плыў. Жалезны кодаб накаляўся. У задушлівым салоне лунаў ядучы перагарны смурод.
– Разумею вас, браты-славяне, – спагадліва пракаментавала Манда Іванаўна. – Раз-пораз і выпіць трэба, служба ж цяжкая. Начныя вахты, бяссонныя ночы. Але ў гэтым ёсць і свая прыгажосць! – Наша агульная Расея-матушка багатая на розныя прыгажосці, – сухім горлам засведчыў прапаршчык. – Як той казаў – «прыгажосць уратуе свет!»
– Масавыя расстрэлы ўратуюць свет! – млява ўдакладніў Капейкін. – Мне гэтая служба ўжо во-сь дзе стаіць!
– Ну як жа так можна! – шчыра абурылася Манда Іванаўна. – Навошта вы, таварыш капітан, тут мірнае славянскае неба бароніце? Каб спакойна жылі вашы бацькі на радзіме пад Кастрамой!
– Ды ну