Наталка Бабіна

Крыві не павідна быць відна (зборнік)


Скачать книгу

скурчаны пад купай папер, заклапочаны новымі тэхналёгіямі, збоямі ў рабоце абсталявання, газетамі, гарэлкай, пакупкай новай кашулі, гарнітура, лядоўні, чырвонай цэглы для катэджа, а-ва-ўсіх-тваіхсяброў-ужо-ёсьць ды намордніка для матулінага мопса. Стаміўшыся чакаць унукаў, маці абавязкова набудзе сабе калматую вычвару на крывых лапах… Рэдка, вельмі рэдка выпадалі хвіліны, калі, як цяпер, Глеба агортвала пачуцьцё нейкай неакрэсьленай агіды да ўсяго на сьвеце, а так добра наладжанае, прастуючае ўгару жыцьцё здавалася смешным ды горкім. Ён замкнуў дзверы, вярнуўся да стала і апусьціў галаву на рукі. Перад вачыма імгненна ўзьнік яе твар…

      …Да начных дзяжурстваў ніхто ня ставіўся сур’ёзна. Жартавалі, што цяпер, пасьля таго, як галоўным сацыялістам перадалі абавязкі вартаўнікоў, лагічна было б абцяжарыць іх і працай прыбіральшчыц. Тым ня менш, ад дзяжурстваў было не адвярцецца, і вось настала чарга Глебу ісьці апусцелымі калідорамі ды шарпаць клямкі – усе запар. Гарэлі жоўтым лямпачкі сігналізацыі ды пахла тонка і непрыемна – лінолеўмам ды выцертым пылам. Сьвятло ў лябараторыі Глеб заўважыў здалёк – яркі простакутнік шкляных дзьвярэй. У долю імгнення зразумеў – гэта яна. І ўзяўся за клямку.

      Яна падняла вочы, агонь зялёны шугануў зь іх загадкавай глыбіні, і Глеб спачатку нават ня мог зразумець па яе твары, што няўлоўна зьмяніўся, узрадавалася яна ці спалохалася.

      – Што так доўга? – спытаў ён, падыходзячы.

      – Вера Васілеўна прасіла скончыць разьлікі да заўтра, – зьзяньне яе вачэй з кожнай хвілінай рабілася ўсё ярчэйшым і цяплейшым, і, сядаючы на краёчак суседняга стала, Глеб ужо бачыў: узрадавалася.

      Амаль нічога Глеб ня ведаў пра гэтую дзяўчыну. Ня ведаў нават, як яе завуць. Ды ёй неяк і не пасавала ні адно зь вядомых яму імёнаў. На заводзе ўсе называлі яе Мадмуазэль; яна і сапраўды моцна паходзіла на тую францужанку, якую таксама ўсе так называлі паўстагоддзя таму. У сьвеце вытворчай дысцыпліны і стэрыльнасці яна выглядала нязвычна. Зграбная пастава, адкрыты твар, чыстыя фарбы скуры, бліскучыя вочы, ядвабныя блюзкі, тонкі пах сьледам па калідоры… Пра яе плявузгалі жанчыны, пра яе гаварылі мужчыны, а сама яна, стрыманая і маўклівая, была з ўсімі роўная ды халаднаватая. Ільдзінка ўваччу раставала адно тады, калі яна глядзела на Глеба. Але Глеб ваяваў зь перасорціцай ды дэфэктамі вакуўмнага напыленьня і, правёўшы Мадмуазэль доўгім позіркам ды пацёршы лоб, – пра што гэта трэба ўспомніць? – зноў заглыбляўся ў паперы. А яна ў які раз думала, што, відаць, талай вадзе ня суджана змыць сумёты таго, што падаецца яму важным, а значыць, ёй, бездакорнай мадмуазэль інжынэру, зноў і зноў глядзець у змрок, спрабуючы забыцца на тое, што здаецца важным ёй…

      – А няважнае ў вас тут, аднак, асьвятленьне, – заўважыў Глеб.

      – Але, – падхапіла яна, – і, галоўнае, бжучаць гэтыя лямпы так мярзотна, ад гэтага чамусьці прыгадваюцца прусакі, як яны паўзуць са шчылін. Бр-р, – яна перасмыкнула плячыма.

      – Падсвядомасць, страшная рэч, – рассмяяўся Глеб, з задавальненнем адзначыўшы,