дырэктар меў мілую звычку на першым золку даведацца ў дзяжурнага, ці добра спаўпачываў флагман айчыннай мікраэлектронікі. Прачнуўшыся, яна мякка пацягнулася, працерла вочы далонькамі і з усмешкай падштурхнула Глеба: ну што ж ты, ідзі… Хуценька супакоіўшы Татачку, ён вярнуўся. У пакоі нікога не было. Адрухова Глеб ірвануўся да дзьвярэй, але спыніўся і, вярнуўшыся да канапы, сеў. Зрэшты, толькі адна ноч. Гэта слабая процівага, калі на другой шалі – трыццаць гадоў жыцьця.
Аддаючы вахцёрцы пропуск, яна ўжо ведала, што больш ня вернецца сюды, не дакранецца больш да плястыкавай карткі, што мела прэтэнзію стаць сутнасцю і знакам жанчыны. Падняўшыся да сябе ў пакой, яна нават засьмяялася ад радасці. Не! Больш гэтага ня будзе. Сьцёрла макіяж, лак з пазногцяў, гладка прычасалася – і амаль што не пазнала сябе ў люстэрку. «Мадмуазэль, – падумала, пасьміхнуўшыся. – Ну, досыць, мадмуазэль Пелагея. Дамоў».
Любіць маці – гэта проста, калі маці проста любіць цябе, і яе зялёныя вочы блішчаць, але пытанняў ты ня чуеш. Кінуўшы ў кут вялізную торбу, што бачыла Варшаву ды Стамбул, Поля пераапранулася ды пайшла ў поле, дзе ракатала пяцітонка і куды маці наказала бегчы як хутчэй. Усе дзесяць кабет-суседак, дзесяць гаспадыняў, завіхаліся тут. Каб прыняць жыцьцё і перастаць думаць пра яго, дастаткова пачуць, як падаюць у кодаб грузавіка – тук-тук-тук, бах, тум-тук – гэтыя вялізныя буракі… Пальцы, гадзіну таму дагледжаныя ды далікатныя, пакрыліся тонкай земляной скарынкай, пад пазногці забіліся чорныя пясчынкі. Малады шафёр, што кружляў, звужваючы кругі, вакол машыны, нарэшце рашыўся і, прымасціўшыся ля Полі, узяўся дапамагаць жанчынам. Гэта трохі сапсавала ёй настрой, бо сімпатычны юнак, што макам пачырванеў ад шматлікіх жартаў, нагадаў пра яго, а Полі не хацелася ўспамінаць. Не хацелася думаць, не хацелася губляць пачуцьцё поўнага жыцьця.
Калі грузавік пратрэсься па полі і вывярнуў на грунтоўку, Поля падсьцяліла куфайку і лягла на зямлю воддаль ад суседак, што ў чаканьні наступнай машыны паселі кружком ля бураковай купы. Восеньскія промні і вецер былі такімі пяшчотнымі – не, не як яго рукі, а як… так, няхай, як яго рукі. Няхай. Яна ня будзе з-за гэтага смуткаваць. Няхай. Яна не пашкадуе пра тое, што было, – дзякуючы таму, што было, яна тут, і ёй добра, і туга пайшла ад яе. І яна не шкадуе, што ўсё прайшло – таму што ня хоча больш фальшу. У яго свой шлях, у яе – свой, і няхай усё будзе так, як будзе.
З заплюшчанымі вачыма яна пацягнулася, паклала далоні пад галаву, і струмені паветра адарвалі яе ад зямлі і плаўна панеслі ўгору. Засталіся ўнізе верхавіны дубоў на ўскрайку поля, яна бачыла сьветлую палоску грунтоўкі, шашу, на якую вырульваў грузавік, насустрач яму ішоў цёмны легкавічок, і сонечны прамень адбліскваў ад дакаванага капоту. Поля лунала ўсё вышэй: збоку зьявіліся дахі дамоў вёсачкі, нязвычна выглядаў зьверху лес, паблісквала рака… Сюды даносіліся толькі пахі печанай бульбы – дзеці распалілі вогнішча на суседнім полі – ды сырой халоднай зямлі. Магутныя паветраныя патокі выяўлялі шлях, па якім спускаюцца на зямлю душы, што хочуць наведаць