і за грошы. А для іх? Што такім насцям рабіць? А потым… ёй менавіта там, у бальніцы, пры доглядзе хворых і можна было знайсці тую жанчыну, цела якой адгукнулася б на яе рукі. Ды і такія людзі, вымушаныя хавацца ад усіх, адчуваюць сабе падобных. Там жа, акрамя ўсяго, вялікі жаночы калектыў. Думаеш, мала ў нас такіх, з нетрадыцыйнай, як кажуць, арыентацыяй? Ды хапае… Так, перапыніла я цябе, але затое не будзем вяртацца. Упэўнена: Насця Грыцук пайшла працаваць у бальніцу толькі дзеля сваёй схільнасці. Ты супраць? Ёсць думкі?
– Не супраць, – уздыхнуў я. – Мушу прызнацца, маеце рацыю. Не падумаў як след…
– Проста жыццёвы вопыт, – даравала мне Тамара. – Працягвай.
– Дык вось… Насця Грыцук – фізічна цалкам здаровая жанчына, і з вельмі добрымі знешнімі данымі. Патэнцыйная маці здаровых дзяцей. Узрост самы спрыяльны для нараджэння. З улікам таго, што яна пачувала сябе больш мужчынам, чым жанчынай; з улікам адсутнасці ў яе жыцці мужчыны; з улікам захавання цяжарнасці, калі б яна была выпадковай; з улікам утойвання цяжарнасці да апошняга і запланаваных наперад адпачынкаў можна зрабіць толькі адзін вывад: яна выношвала дзіця для некага.
– Мужчыны не было… А калі яе згвалтавалі? Два з трох згвалтаванняў скрываюць…
– Чаму тады ёй не зрабіць аборт, тым больш, працуе ў бальніцы, тым больш…
– А калі яна катэгарычна супраць забойства дзіцяці?
– Тамара Сяргееўна, – усміхнуўся я. – Ярымі праціўнікамі абортаў выступаюць, як правіла, альбо тыя, хто нечакана паверыў у Бога, альбо жанчыны, якія зрабілі як мінімум адзін аборт і таксама раптоўна адчулі неабходнасць замольваць у цэрквах свае грахі. Ну, не вам мне пра такое казаць.
– Мы не ведаем, ці рабіла раней аборт Насця Грыцук…
– Але мы ведаем: яна нічым ніколі не выявіла сваіх хрысціянскіх поглядаў. У чорнай хустцы не хадзіла. Больш за тое, як я сёння пачуў, яна не асабліва святкавала той жа Вялікдзень – ні ў адзін год не прыносіла фарбаваныя яйкі на працу, хоць тое і традыцыйна для іх хірургічнага аддзялення, як я даведаўся з размоваў. Карацей, я перакананы: выношванне дзіцяці было абавязкам для Грыцук. Дарэчы, згода Грыцук на сурагатнае мацярынства магла быць абумоўленая яе жаданнем атрымаць грошы – і зрабіць пластычную аперацыю.
– Пакуль складна, – кіўнула Тамара. – Што адсюль вынікае?
– Матыў забойства.
– Забілі, каб не плаціць?
– Тут цяжка адказаць. Грошы найперш, асабліва калі яна мела справу не з непасрэдным заказчыкам, а з пасярэднікам. Калі пачытаць, дык справы такія абстаўляюць у большасці выпадкаў менавіта так: жанчына не ведае, для каго нараджае, а тыя, хто атрымлівае дзіця, не ведаюць, хто нарадзіў. Практычна і бяспечна для абодвух бакоў. Пры ўмове сумленнага пасярэдніка, зразумела.
– Калі грошы найперш, якія яшчэ матывы і прычыны?
– Нязгода аддаць дзіця.
– І за гэта забіваць? – Тамара прымружылася, пільна глянула на мяне. – Скажу табе, у нашым правінцыйным райцэнтры