Валеры Гапееў

Ноч цмока


Скачать книгу

аднесці ўсё на часопісны столік – тут нам будзе зручна ў крэслах.

      Надзея быццам і не заўважыла майго пераапранання. Мы выпілі, і я пачаў есці, адчуўшы сапраўдны голад. Яна ж толькі злёгку прыкусіла.

      – Вы ешце, не саромейцеся мяне, мы ж суседзі. Потым падхапілася:

      – Ой, на салату забылася!

      З поўным ротам я замахаў рукамі, але яна ўжо была ля дзвярэй. Вярнулася хутка – з салатай са свежых агуркоў.

      Мы вячэралі, выпівалі; правільней, еў і піў больш, натуральна, я, бо Надзея з’ела адно палову катлеты і колькі скрылікаў агурка ў смятане. У двух словах расказаў пра сябе, слухаў Надзею.

      Яна не многа расказвала ў той вечар, кароткімі рысамі. Вывучылася на настаўніцу, але пасля нараджэння і смерці дзіцяці працуе прадавачкай у прыватніка.

      Многа пазней, у нетаропкіх і шчырых размовах пад старой яблыняй перада мной пакрысе, бы з асобных пазлаў, складвалася Надзеіна мінулае жыццё. Замужжа ў дзевятнаццаць гадоў – ці то закахалася, ці то падалося, бо ўсё было ў першы раз: і само ўспыхнулае пачуццё, і хлапечыя заляцанні, і абдыманні, і пацалункі, і першая, пякучая ад сарамлівасці і страшная ад няведання сапраўднай глыбіні адчуванняў, блізкасць. Кінулася пасля вяселля ствараць свой сямейны куточак, перавялася на завочнае аддзяленне – вучылася на гістарычным факультэце. Жылі ў Мінску, закончыла вучобу – пераехалі сюды, на сваю радзіму, бо тут мужу бацькі купілі і падарылі аднапакаёўку. І раней здараліся крыўдныя спрэчкі быццам на пустым месцы, а тут варожасць свякрухі стала адкрытай – тая ад пачатку не ўпадабала выбар сына, надта ж незалежнай ёй падалася нявестка, ганарлівай… То калі пераязджалі ў кватэру, Надзею папярэдзілі: жыллё падоранае, а значыць, яе адсюль у любы момант могуць выкінуць. Змаўчала. Уладкавалася настаўніцай, выкладала гісторыю. Муж пайшоў у будаўнічую арганізацыю кіроўцам. Яго старыя сяброўскія сувязі добрай справы не зрабілі – пачыналася два разы на тыдзень партыямі ў більярд у кавярні, а пазней перайшло ў амаль штовечаровыя пасядзелкі ці ў кавярні, ці недзе ў інтэрнацкіх пакоях, іншы раз муж вяртаўся толькі пад раніцу. Спрабавала ўтрымаць – і адданай пяшчотай, ласкай, цярпеннем, і ўсёдазволенасцю ў ложку, – ды хутка адчула, што перад ёй нібыта не муж, а яго бяздушны вялізны грузавік, які яна нічым спыніць не зможа. Яна стала аднойчы на яго шляху, а пасля доўга не магла ачомацца. І не з-за болю ў пабітых спіне і галаве, а таму, што раптоўна стала пуста ў душы – так пуста, так холадна, што фізічны боль фактычна не заўважаўся, а на сінякі на твары яна ўвагі не звяртала. Добра, тое здарылася летам – не трэба было ісці ў клас да вучняў. Надзея ляжала на канапе доўгія вечары, амаль фізічна адчуваючы пустату ўнутры. Муж не прыходзіў некалькі дзён, але яна, падпарадкаваная галоўнаму правілу гаспадыні – якая б у сям’і ні была сварка, а абед павінен быць, – гатавала. У нейкі дзень, стоячы ля пліты, адчула, як невыносна смуродзіць смажаная рыба. Яе званітавала. Спуджаная, выйшла з туалета, а ў нос шыбанулі ў тысячу разоў узмоцненыя брыдотныя пахі такой