Валеры Гапееў

Ноч цмока


Скачать книгу

Міжволі я таксама зірнуў – за акном выразна пашарэла, здавалася, вось-вось пойдзе дождж, але гэта было падманам, да якога немажліва было прывыкнуць.

      – І што думаеш? – Тамара ўзяла чарку, не прапаноўваючы мне зрабіць тое ж: не маленькі, колькі мяне трэба запрашаць.

      Я пацягнуўся за сваёй доляй, пакруціў кілішак у руках, каторы раз разглядваючы няроўны ніцяны ўзор:

      – Мяне напружвае толькі адзін момант – чым яе забілі.

      Тамара ўважліва глянула на мяне, быццам хацела ўпэўніцца, ці кажу я сур’ёзна, і працытавала на памяць радкі з заключэння:

      – Уваходная адтуліна раны дазваляе зрабіць вывад, што прадметам яе нанясення стаў металічны, злёгку загнуты па дузе стрыжань круглай ці авальнай у разрэзе формы, каля двух сантыметраў таўшчыні, на канцы крыху завостраны. З улікам таго, што рана – скразная, прадмет меў даўжыню не менш за сорак сантыметраў. Што цябе непакоіць?

      – Не магу даўмецца, які такі прадмет… Тамара хмыкнула, адпіла крышку з чаркі.

      – Вось што значыць не жыць у вёсцы… А той факт, што ўваходная адтуліна раны забруджаная рэшткамі самага звычайнага гною, табе нічога не падказвае?

      – Тамара Сяргееўна! – усклікнуў я. – Не лічыце ж вы, быццам жанчыну насадзілі на гаспадарчыя вілы! У тых зубы ў два разы карацейшыя, адно. А другое… У целе толькі адна рана, аднак там як ні калі, астатнія зубы – мінімум яшчэ адзін – павінны былі пакінуць след.

      – Ну і што? – паціснула плячыма Тамара. – Чаго ты чапляешся да ўсякай непатрэбнай на цяперашні момант дробязі? То адсутнасць слядоў табе спакою не дае… то вілы табе давай асаблівыя. Ну, кажу як ёсць: забойца мае вось такія вялізныя вілы… імі і забіў. А пасля ўзяў прыхаваны ў хляве паветраны шар, на ім прынёс і скінуў на поле цела. Разабраліся, будзем лічыць. Што па астатнім?

      – Ну, калі так… – я пабоўтаў вадкасць у шклянцы, выпіў залпам, дастаў цыгарэты і, трошкі ніякавеючы ад сваёй нахабнасці, закурыў. – Калі так, то Насця Грыцук – інкубатар.

      Тамара толькі незразумела паківала галавой, ці то згаджаючыся са мной, ці то асуджаючы маю думку.

      – Працягвай, – прамовіла яна мякка, не загадна. – Што маем?

      – Маем… Насця Грыцук, 27 гадоў, санітарка. Адзіная дачка ў сям’і. Маці памерла рана з-за траўмы ад падзення. Жыла з бацькам, простым вяскоўцам, работнікам мясцовага калгаса. Вучылася добра, але нічым асаблівым не вылучалася. Характарызуюць Насцю станоўча, падкрэсліваюць яе адасобленасць ад калектыву, хоць яна сябе калектыву не супрацьпастаўляла. Сяброў не было. Пасля школы пабыла на курсах ад цэнтра занятасці, уладкавалася ў краму прадавачкай. Працавала ў прыватніка, потым у райспажыўсаюзе. Характарыстыкі таксама добрыя. Сумленная, ураўнаважаная, халаднаватая ў адносінах. Ва ўсякім разе не ішла першая на кантакт. Пяць гадоў таму нечакана ўладкавалася ў бальніцу санітаркай…

      – Чаму нечакана? – перапыніла мяне Тамара. – Для каго нечакана?

      – Нечакана з пункту гледжання