толькі Зоя маўчыць. Жаночая інтуіцыя падказвае ёй, што гэта ня так, што папраўдзе ўсё наадварот, што яны на верным шляху. Бо, праўду кажучы, хто ж ня хоча жыць вечна?
Толькі ня ўсім дадзена. Азірнуўшыся, Кайлюс і Зелба нікога побач з сабой ня бачаць. І яны ў адзін голас крычаць:
– Зоя!
Крык абудзіў яе акурат у той момант, калі яна гатовая была ўпасьці на сьнег. Небясьпечна спаць ідучы.
Сьцяжына, што вывела іх да ўздыбленага поля, павярнула ўлева і стала спускацца ў нізіну, парослую хмызьняком. Неўзабаве перад імі паўстала вялікая пустка, на ўскрайку якой стаяў будынак зь сылікатнае цэглы.
– Кола замкнулася, – сказала Зоя.
– Але гэта ня наш пастарунак, – насьцярожыліся жаўнеры.
Не змаўляючыся, усе трое рушылі да будынку, у вакенцы якога гарэла сьвятло. Спачатку яны зазірнулі ў шыбу.
У звычайным вайсковым пакоі двое жаўнераў сядзелі за сталом і елі кашу. Зоя пазнала ў іх Кайлюса і Зелбу, дакладна такіх самых, якія стаялі поруч зь ёю.
Напэўна, самі Кайлюс і Зелба нічога такога не падумалі і моўчкі чакалі загаду.
– Ну што, – спыталася Зоя. – Хадзем знаёміцца?
Яна пагрукала ў дзьверы, і праз хвіліну ёй адчыніў той, які быў Кайлюс.
– Здароўцека, – павіталася Зоя. – Мы да вас на агеньчык.
Той, які Кайлюс, моўчкі адступіў убок, даючы дарогу гасьцям.
– Ну вось, – пачала знаёмства Зоя. – Мяне завуць Зоя, гэта мае сябры. А вас як завуць?
– Кайлюс, – адказаў той, які Кайлюс.
– Зелба, – адказаў той, які Зелба.
Зоіны кумпаны пераглянуліся:
– Нас таксама завуць так.
Конец ознакомительного фрагмента.
Текст предоставлен ООО «ЛитРес».
Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на ЛитРес.
Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.