знаходзіліся прыступкі на ганак галоўнага ўваходу. Левае крыло мела больш сіметрычныя формы. Колер самога палаца вызначыць аказалася няпроста: у некаторых месцах сцены шэрыя, у іншых мелі ружовае адценне, а дзесьці фарба і зусім адслойвалася кавалачкамі, але ад гэтага палац не станавіўся менш сімпатычным, наадварот, як бы выстаўляў напаказ розныя пласты сваёй гісторыі, ды здаваўся яшчэ больш старажытным і загадкавым. Можна было добра разгледзець, што палац мае два паверхі, але Андрэй успомніў пра лесвіцу, якая не заканчвалася другім паверхам і вяла вышэй. Звонку палац здаваўся меншым, але гэта, пэўна, падманлівае ўражанне. Ён паспрабаваў знайсці вокны трэцяга паверху, але нідзе, акрамя як на вежы, іх не бачылася.
Пасля таго, як даследаваў наваколле палаца, у тым ліку яго парк, Андрэй адправіўся ў кароткую імправізаваную экскурсію па Мікушэва, але не знайшоў больш нічога асаблівага. Тут былі такія ж домікі, крамы, пабудовы, што і ў іншых невялікіх гарадах ды вёсках. З лёгкім жалем ён пераканаўся, што самай цікавай пабудовай, і адзінай, якая захавала гісторыю гэтых месцаў, быў палац, дзе размяшчалася клініка. Менавіта туды ён і паспяшаўся, каб гэтым разам не выявіць сябе чалавекам, які ігнаруе пунктуальнасць. Франка, як і варта было чакаць, ужо сядзеў за столікам на ганку ды павольна, атрымліваючы асалоду ад працэсу, курыў сваю люльку.
– Як шпацыр?
– Выдатна, дзякуй. Але прызнаюся, мне здаецца, што палац – адзінае цікавае месца ў Мікушэва.
– Насамрэч так і ёсць, бо Мікушэва зусім маленькае і нічым не адрознае ад іншых мястэчак.
Франка зацягнуўся, і тытунь у люльцы загарэўся чырвоным колерам.
– Дарэчы, доктар Штомпка вызваліўся, і мы ўжо можам ісці ў яго кабінет.
– Так, вядома.
Ён вытрас рэшткі тытуню і попелу з люлькі, а затым паклаў яе ў спецыяльны футляр. Толькі цяпер Андрэй звярнуў увагу на тое, што ў Базалья Франка ўсё мае сваё месца. Кожны прадмет знаходзіўся ў рамках даўно заведзенага рацыянальнага парадку. Доктар падняўся, паказваючы жэстам, што можна ісці, ды накіраваўся да бліжэйшых дзвярэй з правага боку ад уваходу. Андрэй ішоў за ім і адчуваў, як зноў пачынае ўзмацняцца толькі нядаўна аціхлае хваляванне.
Ужо каля году ён жыў у асобнай кватэры, якую набыў незадоўга да свайго пераезду. Такія «ўцёкі» з уласнага дому, а таксама ад усіх, з кім меў зносіны, былі выкліканыя тым, што Жыль больш не мог працяглы час знаходзіцца ў асяродку іншых людзей, весці нязмушаныя размовы, рабіць кампліменты. Шмат у чым, як яму здавалася, гэтаму спрыялі яго жонка і сябры. Чым больш знаходзіўся дома, чым часцей даводзілася сустракацца са старымі прыяцелямі, тым больш невыносным было жаданне куды-небудзь знікнуць. Усю гэту балбатню ён лічыў пустым марнаваннем часу і сіл. Падобныя вячоркі, аднолькавыя размовы, нясмешныя жарты, абмежаваныя людзі са сваімі клопатамі.
Адносіны з Мішэль, маці ягоных дзяцей, у апошнія гады знаходзіліся не на вышыні. Аднак раней, калі ў яго яшчэ меліся амбіцыі і энергія, а ўвага Мішэль у асноўным канцэнтравалася