крадуць пенсійныя грошы. У яе няма ўнукаў, затое ёсць тэлевізар. Ён не патрабуе ежы ды лекаў, за ім не трэба выносіць гаршкі ды мыць штаны, ён не запускае клюшню ў яе кашалёк. Галіна Іларыёнаўна вельмі любіць фільмы з ўдзелам артысткі Федасеевай-Шукшыной, на якую, кажуць, яна была падобная ў маладосці. Ёй досыць кампаніі тэлевізара, яна не хоча мець у доме нават сабаку. Жывое заўжды гадзіць. Цяпер яна ненавідзіць жывое, бо калісьці занадта прагла яго, але яе жарсць засталася непадзеленай. Пакрыўджаная, яна парвала сувязі са светам жывых. Не, хвіліначку – засталася дачка. Яна, маці, прысвяціла маладосць гэтай няўдзячнай істоце! Яна і зараз пра яе клапоціцца, нават наведвае ў інтэрнаце, то цыбуліну прынясе, то хвосцік моркаўкі. Ніхто не скажа, што яна дрэнна выканала свой матчын абавязак. Хаця магла б, чаго там мянціць, зрабіць аборт, ніхто б яе не асудзіў. Хто ведае, як склаўся б тады яе лёс? Цалкам мажліва, што яна стала б зоркай, як тая Федасеева-Шукшына!
10
А між тым жыццё, грубае і бесцырымоннае, як п’яная акушэрка, нахабна зазірае Юлі ў твар і выштурхоўвае яе з матчынага ўлоння кніжнага самападману сюды, у гэта камунальнае пекла. І што можа колішняя выдатніца супрацьпаставіць брутальнаму націску быцця, яго дзелавітай заклапочанасці сваім працягам?
Тут якраз падаспела цікавая часіна, якая рассунула межы гарадка. На дзесяцігоддзе заканчэння школы 10 «Б» упершыню сабраўся не ў поўным складзе. Стараста Люда Грыневіч, якая мела намер ахвяраваць свае сумленныя камсамольскія вочы на карысць камуністычнай рэвалюцыі ў ЗША, трансфармавала мару, пабралася шлюбам з амерыканскім дзядзькам, уладальнікам вялікага капіталу, ды з’ехала за акіян. Прыгажуня Зоя Мардасава, якая стала афіцыянткай у тутэйшым начным клубе, таксама не разгубілася, па-свойму выкарыстала шматпартыйны стыль часу: скалаціла вясёлы гурт дзяўчатак, якія выступілі з прапановай багатага спектра інтымных паслуг на шашы Брэст – Масква, а потым перабралася з лепшай часткай «актыву» у Турцыю, дзе бізнэс ішоў больш прыбыткова. Саша Сомаў, скарочаны з арміі, стварыў камерцыйную фірму, прагарэў, і адным пахмурным ранкам яго выцягнулі з зашмаргі ва ўласнай кватэры.
А што ж Юля? Здаецца, яна адна вымаўляе ў гэты змрочны час слова жыць без прыстаўкі. Гэта іншым трэба пера-жыць (дзень), да-жыць (да заробка) і вы-жыць (у рэшце рэшт). Для яе жыць зна-чыць толькі адно: кахаць. А кахаць яна ўмее! Жахі «пераходнага перыяду» няздольныя прывесці яе ў роспач – яны проста не адносяцца да яе love-story. Пэўна, лёс, які строга назірае за тым, каб жыццё нікому не здавалася мёдам, ва ўпор не бачыць Юлю, падманваецца (да часу) гэтай піратэхнічнай шуміхай, бутафорскім агнём і дымам на сцэнічнай пляцоўцы. Магчыма, лёс памылкова лічыць, што і тут папрацавала яго цяжкая рука. Страшна думаць, што калі-небудзь ён спахопіцца, выявіць промах і прымусіць былую выдатніцу прайсці ўвесь курс непрыдуманых выпрабаванняў экстэрнам.
Юля па-ранейшаму жыве ў пакойчыку інтэрната, дзе лядоўня «Саратаў» раве, як