Алена Брава

Рай даўно перанаселены (зборнік)


Скачать книгу

які дагэтуль больш ці менш салодка спаў, больш не здолее заснуць. Цяпер яму застаецца адно: хутчэй праваліцца ў тупое забыццё без сноў – па сутнасці, стаць каменем. Рэдкія чалавечыя істоты могуць трываць рэчаіснасць, не скамянеўшы. Юлечка да іх не належыць. Ліхаманкава цягнецца яна па новую порцыю любоўнага зелля – інакш манатоннасць існавання ў гарадку проста невыносная.

      Вось чаму правінцыя з’яўляецца месцам самага адчайнага дыянісійства. Бога ап’янення шануюць тут вышэй за ўсіх іншых багоў – зямных і нябесных. У той час як мужчыны аддаюць перавагу вінаграднай лазе, жанчыны ператвараюцца ў менад, што ашалелым гуртом бягуць за дарыльшчыкам ілюзій. Абы толькі ўцячы – ах, хаця б на хвілінку! – ад позірку Гаргоны. Ды і чым было б іх жыццё, не расквечвай яны яго гэтай старажытнай гульнёй? Юля ў гэтым натоўпе тых, хто прагне забыцця, – першая. Самнамбулічна задраўшы галаву і заплюшчыўшы вочы, яна танчыць свой экстатычны танец. Напэўна, іншага ёй не дадзена, пакуль смерць сваім манаршым указам не вызваліць яе ад абавязку быць першапраходцам terra incognita яе «я», гэтай Ямерыкі, якую ніводны Калумб чамусьці не спяшаецца даследаваць. Яна імкнецца адкрыць гэты багаты ды квітнеючы мацярык – сябе – у мужчынах, але штораз знаходзіць адно голую камяністую выспу, нікім не населеную. І тады Менада ператвараецца ў Параненае Сэрца, потым у Пакінутае Дзіцянё – маленькую рыбку, што плёскаецца ў каляплодных водах любоўнае пакуты, пакуль яе не падчэпіць на кручок ды не выцягне новы Рыбак. Як казачны герой, уцякаючы ад пачвар, становіцца то воўкам, то шчупаком, мая гераіня прымае розныя абліччы, абы толькі збегчы ад нудоты правінцыйнага жыцця. Падсвядома яна імкнецца вярнуцца ў матчын жывоцік – настолькі няўтульна ёй тут. Калі б псіхааналіз пранік у родныя пенаты, і Юля апынулася на прыёме ў яго дыпламаванага прадстаўніка, доктар, верагодна, пацвердзіў бы маю здагадку, канстатаваўшы: пацыентка драпіруецца ў шчыльны кокан самападману, які імітуе матку.

      9

      Дый Галіна Іларыёнаўна памятае, як яе дзіцятка супраціўлялася з’яўленню на свет. Белыя халаты не маглі прымусіць гэтае немаўля пакінуць сваю ўтульную схованку, пакуль шматвопытная акушэрка з прыёмнага пакоя, зазірнуўшы ў радзільную залу пасля начнога дзяжурства і абдаўшы парадзіху пахам зусім не амброзіі, не налягла ўсёй сваёй немаленькай вагой на локаць, якім прыціснула жывот Галіны Іларыёнаўны («Ну што, тваю маць, разляглася тут, карова?!»), – і Юлечка імгненна выскачыла вонкі.

      На шчасце, прырода не ведае выпадкаў зваротнага развіцця дарослай істоты ў эмбрыён. Дый маці, думаю, не ўзрадавалася б такой перспектыве. Яна даўно не адгукаецца любоўю на якія б там ні было праявы жыцця. Яе адказам свету стала нянавісць: да равесніц-пенсіянерак, іх азызлых мужыкоў, але асабліва – да маладых жанчын, у якіх, як кажуць, усё яшчэ наперадзе. Гледзячы на сваіх пабляклых таварышак па хімкамбінату, Галіна Іларыёнаўна прыбадзёрылася. Усё жыццё яна каўтала галодную сліну зайздрасці, з нізка апушчанай галавой несла сваю адзіноту, як