Алена Брава

Рай даўно перанаселены (зборнік)


Скачать книгу

Юля, гэты самотны рыцар у спадніцы, паводзіць сябе абсалютна сур’ёзна, выдатніца ніколі не жартуе. З вялікай руплівасцю яна сачыняе раман, даўно напісаны іншымі. Яна скончыла школу – цяпер можна і нарадзіць, чаму ж не? А раптам менавіта сёння, спыніўшыся папіць піва ля бочкі, Ён яе заўважыць, як белетрыст Р. заўважыў Незнаёмку, што вось такім жа чынам «дзяжурыла» ля пад’езда каханага?

      Суддзю, між іншым, завуць Сямён Сямёнавіч, як блазнаватага героя класікі савецкай кінакамедыі – «Брыльянтавай рукі». Дый як яшчэ могуць зваць чалавека, які ўжо цэлы год запар праходзіць міма, іншым разам нават купляе газету ў кіёску і не бачыць скіра-ваных на яго з абажаннем прыгожых агрэстава-зялёных вачэй? Шчыра спадзяюся, што ён так і не заўважыць адзінокую постаць, якая кожны дзень тырчыць тут (замест таго, каб рыхтавацца да паступлення ў ВНУ, дурнічка), а яшчэ лепш – зменіць маршрут. Зрэшты, я магу не турбавацца: у любым выпадку «Ён» не звярне на яе аніякай увагі.

      12

      Юля паступіла-такі ў інстытут замежных моваў: дзякуючы любові да Афеліі, з-за якой яна калісьці ледзь не ўтапілася, англійскую выдатніца ведала лепш за ўсіх у класе. Малавопытная правінцыялка зняла за пяцьдзясят рублёў кут з канапай у адна-пакаёвай «хрушчоўцы» на ціхай вулачцы Берасцянскай, побач з вайсковымі могілкамі, дзе меўся рэдкасны па тым часе цуд – дзеючая царква. Такое суседства яе зачароўвае: сярод магільных крыжоў можна гуляць, рамантычна пакутуючы па Сямёну Сямёнавічу, а ў царкве ёсць мноства ікон, якія ўвасабляюць яе мару аб ахвярапрынашэнні. Захапляе Юлю і блізкасць бібліятэкі імя Пушкіна: як-ніяк, кнігі – адзінае прыстанішча, дзе яна адчувае сябе цалкам дома.

      …Некаторым людзям томікі класікі павінны выдавацца, як псі-хатропныя таблеткі ў аптэцы, – выключна па рэцэптах з круглымі пячаткамі, маючымі засведчыць факт таго, што іх падаўнік валодае дастатковай грубасцю натуры, каб не ператварыць гэтыя тэксты ў падручнік. Я часта спрабую ўявіць, якой была б Юля, не прачытай яна пра Незнаёмку ды Вялікага Гэтсбі, не глядзіся ў тыя чароўныя люстэркі, не акажыся паражонай, як заразлівай хваробай, ідэалам. Яна трымціць ад кожнай фразы, якая нясе адбітак прыгажосці, і сама не заўважае, што аплецена імі, нібыта сонны Гулівер вя-роўкамі ліліпутаў – ажно да страты здольнасці рухацца сама-стойна. Жыць ёй між тым давядзецца сярод люстэркаў крывых. Ёй заўжды будзе здавацца, што з начной прасторы за амальгамай цягне скразняком, а люстраная паверхня – усяго толькі занавес, ЗА якім і адбываецца сапраўдная дзея. Зрэшты, разбіць шкло, каб упэўніцца, што за ім абсалютна нічога няма, яна не асмеліцца: па паводзінах у яе таксама «выдатна».

      13

      Вялізная шафа для адзення з вадзяніста-зялёным люстэркам займае палову пакойчыка з вокнамі на могілкі. Глядзецца ў люстэрка страшна, як у багну, зацягнутую цінай: можа закружыцца галава. Шкло паедзена трупнымі плямамі гніючага тут часу. Гаспадыня кватэры (цяжка вызначыць, колькі ёй год) штодня працірае люстэрка, але ад гэтага яно не становіцца