на варце маральнасці, асабліва бязмужніх студэнтак. Цэрберы не ўпусцілі шанцу пра-весці ідэйна-выхаваўчую работу «ў масах» (па ўсёй верагоднасці, яна залічвалася ім разам з санасветплакатамі, здольнымі ўразіць хіба што рэдкаснай пачварнасцю пэцканіны). Зграя баб у белых халатах ператварыла Юлін аборт у прыкладна-паказальнае судзілішча, нешта накшталт камсамольскай сходкі ў прысутнасці напалоханых першакурсніц-медычак (адной з дзяўчат нават зрабілася блага): з садысцкай асалодай выконваючы прадпісаныя пратаколам маніпуляцыі, урачыхі хорам раўлі: «Так табе і трэба! А ці будзеш яшчэ?!» (Будзе, будзе… на гэтым месцы аўтар скрушна хітае галавой). У прапагандыскім шаленстве прадстаўніцы самай гуманнай прафесіі штосьці лішняе пакінулі ў спустошанай матцы, у выніку чаго ўвечары тэмпература ў пацыенткі падскочыла да сарака. Працэдуру ёй рабілі паўторна, у той жа самай лякарні і, магчыма, тыя ж самыя доктаркі. Зразумела, без наркозу: гэта ўваходзіла ў ідэйна-выхаваўчы момант.
Яна ляжыць на ложку ў пакоі Матэматыка, накрытая падранай інтэрнацкай коўдрай, і чытае Дастаеўскага. Яе прыгожыя вочы варварскі спаганены папугайскай расфарбоўкай. Сонечцы так пашанцавала! Так пашанцавала! Паехаць за Ім на катаргу – гэта ж шчасце! Як бы яна хацела быць гэтай прастытуткай Сонечкай… З заклапочаным выглядам у пакой уваходзіць Матэматык, моўч-кі кладзе на коўдру яблык. Яна раздражнёна адмахваецца, зноў абрынаючыся ў кнігу. Яе цікавіць толькі трагічнае каханне Сонечкі да Раскольнікава. Скіраваных на яе з любоўю вачэй яна не заўва-жае. Але на гэты раз ёй проста такі па-дурному шанцуе, і яна выходзіць замуж за свайго першага мужчыну. Выходзіць з поўнай абыякавасцю. Вось калі б ён меў звычку забіваць бабулек – о, тады была б зусім іншая справа!
Частка другая
Фігура, якая адсутнічае
1
Прайшло ўжо два гады пасля інстытута, а Юля мала змянілася. Тыя ж вугальна-чорныя «стрэлкі», наведзеныя з вучнёўскай руплівасцю, ды памада колеру піянерскага гальштука надаюць яе далікатнаму тварыку вульгарны выраз. Валасы яна цяпер не забірае ў вузел, як раней, а распускае па плячах, што робіць яе падобнай да разбэшчанай русалкі. Пасля размеркавання яна вярнулася – хто б мог падумаць! – у родную школу, у тыя ж пыльныя, паедзеныя моллю дэкарацыі. Усё так жа ў сталоўцы па святах ссоўваюць мэблю, і пакой ператвараецца ў актавую залу з безгустоўнымі зоркамі з фольгі, развешанымі па сценах, ды надакучлівымі плакатамі; усё з тым жа навязлівым пафасам дэкламуюцца на сцэне вершы, і ўсё так жа мутна жаўцеюць за-дымленыя заводам-«шэфам» шыбы ў вокнах…
На працы яна ўмудраецца ніводнага разу не выявіць прыха-ванага ў ёй вар’яцтва. Як рыба ў бліскучую луску, яна апранута ў сваё фальшывае бездакорнае «я». Настаўніца англійскай мовы – пасада не вельмі вялікая, але і не малая. Пасада ды прыкід – вось тое галоўнае, што служыць тут для раздзялення свету на сваіх і чужых, чыстых і нячыстых. Яе калегі-кабеты звыкла кучкуюцца адпаведна вартасці апранутага на іх барахла, і яна не выходзіць за рамкі сваёй вартаснай