Валеры Гапееў

Праклён


Скачать книгу

ад маладой жанчыны такой страшнай ахвяры – зрабіць аборт. Цяпер ужо толькі рэгістрацыя іх шлюбу, жыццё разам давалі яму мажлівасць давесці ўсім і самому сабе яго невінаватасць і прыстойнасць. Адчуванне віны вырывалася вонкі абавязковай пяшчотай і ўважлівасцю да Тоні, гатовасцю выконваць яе жаданні, нешта рабіць, некуды хадзіць, абы яна даравала яму… Што даравала? Гэта было няважна.

      І тое самакатаванне мо доўжылася б бясконца, калі б неяк яго не спыніла на калідоры, не запрасіла на гутарку выкладнік кафедры Алена Адамаўна, колішняя матчына сяброўка. Яна першы год пасля той заўчаснай смерці апекавалася Алесем, дык і цяпер гаварыла з ім як маці з сынам-небаракам.

      – Ты выбачай мне, я не маю права лезці ў тваё жыццё, але тут маўчаць не выпадае… Антаніна не была цяжарная, не вінаваць сябе, – проста сказала яна. – Я яе тры разы бачыла, і ўсе гэтыя тры разы я заўважала… Каб вы, мужчыны, былі уважлівейшымі, вы б самыя здагадваліся, дзе цяжарнасць, а дзе падвязаны жывот. Невялікая хітрасць…

      Алесь у той момант адчуў сябе тым самым маленькім хлапчуком, якога цёця Алена крадком ад маці частавала шакаладнымі цукеркамі, калі прыходзіла да іх на гасціны.

      – Калі б гэта датычыла толькі пачуццяў, я змаўчала б, – асцярожна працягвала Алена Адамаўна. – Але калі аднойчы Антаніна прыйдзе ў тваю кватэру на правох жонкі… Яна застанецца там гаспадыняй.

      Нічога не паробіш – такія норавы цяперашнія, яна – прагматычная маладая саміца, для якой важна замацавацца ў горадзе, займець жыллёвую плошчу. Можна асуджаць яе, можна не асуджаць, але варта разумець, што калі яна атрымвае – ты аддаеш. Аддасі цяпер? У цябе вялікая кватэра, тры пакоі, сястра жыве асобна… Але надыдзе час, ты сустрэнеш сваё каханне. І што будзе тады? Таму, Алесік, сваё мужчынскае шкадаванне пакінь на іншы выпадак. Цябе выкарыстоўваюць, нельга так прыніжаць сябе, дазваляць ашукваць…

      Алена Адамаўна яшчэ пра нешта гаварыла, пыталася пра планы, пра рыхтаванне кандыдацкай, пра хуткі палявы сезон. А Алеся паліла пачуццё сораму. Пад канец размовы ён адчуў, што яго літаральна ўтрымалі над безданню – так, сапраўды, бо менавіта сёння ён збіраўся ісці ў пашпартны аддзел, каб прапісаць Тоню ў кватэру.

      Тое, што адбылося ў той вечар, наклала адбітак на ўсе далейшыя дачыненні Алеся з жанчынамі. Падалося, што ён неверагодным спосабам патрапіў у фільм жахаў, дзе лагодная, усмешлівая жанчына раптам пераўтвараецца ў страшную ў сваёй лютай нямозе пачвару-крывасмока. Ставала аднога слова “не” на адказ аб прапісцы і намер забраць заяву з загсу. І Тоня, тая Тоня, якая ўсе мінулыя месяцы была чуйнай гаспадыняй і ласкавай каханкай, стала істэрычнай фурыяй. Алесь маўчаў, не вінаваціў у падмане, не ўпікаў. Ён сціснуў зубы і, нібы заклён, паўтараў сам сабе думку, што неўзабаве кончыцца, пройдзе, мінецца ўсё, а ягонае жыццё зноў стане спакойным і акрэсленым.

      Але не дзень і не два, а яшчэ цэлы тыдзень Тоня ўрывалася ў яго жытло, бесцырымонна з’яўлялася на кафедры, тэлефанавала, пагражала, прасіла, кленчыла…