прыносіць карысць дзяржаве і людзям, калі не ведаеце і не жадаеце ведаць гісторыю свае айчыны?
Прамоўленае было банальнасцю, і Лобачу стала невыносна прыкра казаць і ўсведамляць свае словы. Выкладаючы першы год пасля аспірантуры, ён не раз казаў так у думках якой размаляванай бландзінцы, што пачынала лыпаць вялікімі і цяжкімі ад фарбы вейкамі, выкочваючы з-пад іх кроплю слязы. Але трываў, бо – жанчыны… Цяпер перад ім сядзеў праставаты малады чалавек, які, Лобач быў пэўны, не пойдзе скардзіцца, моўчкі праглыне крыўдныя ды справядлівыя словы.
Уладзімір Жабрун заставаўся бадай што безуважны да слоў выкладніка. Больш таго – яны клаліся на яго роздум як камяні ў хісткую пакуль што сцяну сумневу, якая і мусіла вызначыць ягоную будучыню. Ён палічыў патрэбным адказаць выкладніку, думаючы, што таго сапраўды хвалюе пытанне: чаму Уладзімір Жабрун надумаўся паступіць ва ўніверсітэт.
– Вёска ў нас вымірае, – нечакана ціха прамовіў ён. – З маладых адзін я і застаўся. Я сам шмат чаго перачытаў, у сеціве знаходзіў… Вось і паступіў.
– Дык… – Лобач нават разгубіўся ад такога адказу, потым з палёгкай (студэнт не пакрыўдзіўся) дадаў: – Калі, мой шаноўны, вымірае вёска, дык з вёскі не ўцякаць трэба, а заставацца там жыць, дзяцей нараджаць! Не на гістарычны трэба паступаць, а на эканамічны, гаспадаранню на зямлі вучыцца!
Ён пасунуў залікоўку да Уладзіміра.
Жабрун склаў залікоўку, паклаў у кішэню сарочкі.
– Гэта не паможа, – ціха і пераканаўча адказаў ён. – Праклятая наша вёска.
– І хто ж яе пракляў? – здзівіўся Лобач, не мог утрымацца, каб не спытаць далей: – І вы што ж, надумалі шукаць супраціву заклёну ў універсітэце?
– Можа, і так, – шчыра паціснуў плячыма Уладзімір Жабрун. – Я думаў… Мы неяк не так жыць сталі. Ну, не так, як раней. Вось таму…
– Як – не так? – не стаў хаваць сваёй цікавасці Лобач.
– Раней… Раней, помню, маленькім быў, дык на хаўтурах людзі плакалі, галасілі. Я аж спалохаўся быў першы раз. І потым жудасна было чуць галашэнне. А на вяселлях раней спявалі, скакалі ўсе… Сёння не галосяць на пахаваннях, за труной ідуць, пра розныя справы гавораць: ці добра бульба ўзышла, якая новая атрута ад жука ёсць, ці пастаіць пагода, каб сена высушыць. А на вяселлях, на якіх быў, толькі моладзь танцуе… пад калонкі. А рэшта сядзіць, глядзіць, не спявае…
Уладзімір палічыў, што размова скончаная, памкнуўся ўстаць, каб ісці.
Лобач прытрымаў яго:
– Выбачайце, але я пакуль што ніяк не знаходжу сувязі з гістарычным факультэтам вось гэтых з’яў. Тое, пра што вы кажаце, ляжыць зусім у іншай плоскасці: у эканамічнай, сацыяльнай…
– Я думаў, тут даведаюся…
– Пра што? Пра заклён? – не мог не ўсміхнуцца Лобач.
– Ну, і пра яго…
Уладзімір нейкі момант быццам раздумваў: казаць ці не казаць, потым выдыхнуў, як перад скокам у ваду і загаварыў перш спакойна, а потым горача і ўсхвалявана:
– У нас вёска маленькая, дваццаць двароў. А сядзіба калгасная праз лес. Я малым быў, дзяцей