Валеры Гапееў

Праклён


Скачать книгу

ўжо не было ні страху, ні роспачы. Была здаволенасць ад зробленай справы: цяпер у пашпарце стаіць штамп аб рэгістрацыі. І запальваючыся, Уладзімір думаў пра тую хвалю, якая яму падалася. Відаць, у пашпартным кабінеце было нешта такое, што імгненна нагадала яму пра іх дзіцячую зямлянку ў лесе. От і ўзнікла пачуццё… А пашпартыстка… звычайная кабета. Самая звычайная. І вочы ў яе таксама звычайныя: шаравата-зялёныя, як ён потым разгледзеў. Ну, нешта прымроілася, як зірнула першы раз…

      3

      Стаўленне Алеся Лобача да маладых цяжарных жанчын цяжка было вызначыць адным словам. Была тут і павага, якая больш грунтавалася на ягоным стаўленні да маці, цяпер нябожчыцы. Была хлапчуковая сарамлівасць. Хоць адкуль ёй быць? Алесю Лобачу, кандыдату гістарычных навук, выкладніку ўніверсітэта, дацэнту кафедры айчыннай і агульнай гісторыі, мінула трыццаць. Быў недавер да адчуванняў і пачуццяў, як да сваіх, так і да чуллівасці цяжарных жанчын. Было чаканне нейкага падману. Апошняе тлумачылася лёгка: колішняя Алесява жанчына, лабарантка Тоня, падманула яго, тады маладога аспіранта, менавіта на цяжарнасці. Таго і цяпер не хочацца ўпамінаць. Асабліва першую ноч. Дзякуй Богу, яна амаль уся схавалася ў п’янай няпамяці. Не хочацца ўспамінаць і нахабнай, дзёрзкай манеры Тоніных паводзінаў, калі яна пры ўсіх прыціскалася, брала яго пад руку, пыталася пра тое, што еў наранку. Карацей, заяўляла на яго ўсе правы – і рабіла тое дэманстрацыйна, без кроплі сораму ці ніякаватасці. Так, нечым яна падабалася яму – хуткая, вясёлая і, як кажуць цяпер, прабіўная. Няхай ён і саромеўся ўдзень, адчуваў сябе на кафедры мішэнню пад хітраватымі позіркамі, але ж наставала ноч – і дзень з яго адчуваннямі нечага няправільнага, непатрэбнага ў ягоным жыцці, знікаў у віхуры любошчаў. У такой віхуры першы раз ледзь не захлынуўся Алесь, калі праз тыдзень пасля той п’янай ночы Тоня прыйшла сама, не стала чакаць запрашэння. Яе юрлівасць распаліла яго да той ступені, што авалоданне жаночым целам – вось гэтым целам і вось цяпер – першы раз, бо нельга ж уважаць тую п’яную ноч за нейкі досвед, калі ён фактычна нічога не памятаў – набыло значнасць найвышэйшай і найважнейшай задачы. І потым ён чакаў ночы. Не хацеў сабе ў тым прызнавацца, гнаў ад сябе думку, што вось, карыстаецца дзявоцкай закаханасцю, але чакаў.

      Надыходзіла ранне. Жаночая галава побач на падушцы і ўчорашні бессаромны вір зноў спляталіся ў прыкрым усведамленні: ён не кахае, ён не павінен, усё непрыгожа, подла.

      За два з нечым месяцы Тоня сказала, што зацяжарала. Пачуць пра тое было, як спатыкнуцца на роўнай, акуратнай сцяжынцы: Алесь зразумеў, што цяпер свет вакол яго павінен змяніцца, назаўсёды.

      Але ж ён не збіраўся пакуль што жаніцца, а пагатоў з ёй, пагатоў, цяпер, калі гэтулькі часу і моцы забірала пісанне кандыдацкай і аспірантура з універсітэтам. Яму была патрэбная простая, роўная сцяжынка на бліжэйшыя гады.

      Але ў Тоні былі свае планы на будучыню. Ён потым зразумеў, што яго скарыстоўвалі як нейкую бязвольную прыладу, як рэч. А тады… Тады Тоня ў адзін дзень сустрэла яго на ганку ў сукенцы, якую