Валеры Гапееў

Праклён


Скачать книгу

павеў з пакошанага лугу, ці то ўладная пераднавальнічная хваля, ці лёгкае калыханне паветра ў хваёвым бары.

      У кавярню, што мясцілася ў цокальным паверсе будынка і прыцягвала ўвагу сваёй някідкай, але выразнай рэкламай гарбаты і напояў з траў, Уладзімір раней не заходзіў. Спусціўся кароткімі сходамі і на імгненне прыпыніўся разгублены. Ён ніяк не мог даць рады сабе ў такіх выпадках – з’яўляўся на парозе незнаёмай кавярні і губляўся ад няведання таго, як сябе паводзіць: падыходзіць да стойкі бара (што ўся аблепленая наведнікамі) ці проста ісці і сядаць на вольнае месца, чакаць, калі да цябе падбяжыць кельнерка і возьме заказ. Хоць і ведаў, што такая работа ў кельнеркі – падыходзіць да цябе, пытацца, а потым прыносіць заказанае, ніяк не мог суладаць з пачуццём сваёй вінаватасці: сваім прыходам ён надае лішняга клопату якой мілай дзяўчыне, і пэўна ж яна думае пра яго: “Прыпёрся… Пытайся ласкава, усміхайся. Мог бы кавы і дома напіцца. Тут людзі віскі пляшкамі бяруць… Што я з тваёй філіжанкі кавы буду мець… Драбяза галотная…”

      Толькі адзін столік на два месцы заставаўся вольным, Уладзімір яшчэ патрываў імгненне, як пачуў, што ззаду расчыняюцца дзверы, і зразумеў: не зойме месца, дык давядзецца ціснуцца ў шчыльнае кола вакол стойкі бара.

      Пайшоў, прысеў.

      – Ці вольна ля вас?

      Голас быў трошкі нервовы. Уладзімір узняў вочы і пабачыў маладую кабету гадоў дваццаці пяці. Бялявыя густыя валасы да плячэй, твар з выразна акрэсленымі ротам, носам і вачыма. Прыемны твар, сімпатычны нават. Хударлявая. Яе кофтачка была вязаная з тонкіх зялёных нітак, праз карункі і кветкі прасвечвалася цела і белы станік. “А чаму не зялёны?” – нечакана падумаў Уладзімір, кіўнуў як мага прыязней:

      – Калі ласка, калі вы адна, то тады вольна.

      Жанчына адказала нейкай грымасай, і Уладзімір адчуў сябе дурнем: як можна было казаць пра нейкую яшчэ ўмову, калі месца каля яго – адно? Выпітая раней самагонка не тлуміла галавы, але прыспешвала думкі, надавала хуткасці словам, якія рабіліся вось такімі смелымі, зразумела ж, з якой прычыны. У наступны момант Уладзімір прапанаваў:

      – Вы не будзеце супраць, калі я пачастую вас? Я яшчэ нічога не заказваў…

      – Дзякуй, я завітала выпіць кавы, а на каву я знайду грошы, – не халодна, хутчэй нейтральна адказала жанчына.

      Уладзіміра казытала неадольнае жаданне гаварыць з ёй, быць у гэты вечар патрэбным і значным хоць для каго. Бо дзень, такі быў дзень добры, не можа ён скончыцца блага! Ён быў на лёгкім падпітку, усведамляў гэта, але памятаў і пра тое, што невялікая колькасць алкаголю толькі і давала яму мажлівасці трымацца з незнаёмымі жанчынамі ўпэўнена і нязмушана. Раней яму не раз казалі як пра яго няўменне гаварыць з жанчынамі, так і пра тое, што ягоны воблік вельмі даспадобы жанчынам, а гарэлка робіць яго гаваркім і дасціпным.

      – Выбачайце, але ж хіба я сказаў нешта пра ваш партманет? Я проста хацеў бы вас пачаставаць, тым больш, што і сам буду піць адно каву.

      Мабыць, твар у яго выглядаў пакрыўджаным, бо жанчына