ўспамінаць, шукаць аналогіяў, тлумачэння. А як яго патлумачыць? Проста ў той самы момант, калі ў сваёй руцэ адчуў цёплую Ірыніну руку, маленькая, на сотыя долі секунды, праскокнула думка-іскра: “Папаўся!” Ага, папаўся, – з мяккай радасцю пагадзіўся ён цяпер, засынаючы. Такой жанчыне за шчасце папасціся. Апошняя яго думка была пра Алену, нават не пра яе, а пра тое, што ён ні разу не ўспомніў сёння пра яе. Дык чаго яна ўлезла ў яго голаў цяпер? Адмахнуўся ад думкі…
Ранкам прыехаў сусед па вёсцы Марыі Фамічны, і яна, нечым падобная ў гэтыя хвіліны да спуджанай з гнязда курыцы, што прымасцілася несціся, бегала то з дома на двор, то адтуль у свой пакой.
– Цётка, усё давязу, нічога не растрасу, – казаў уладальнік старэнькіх “жыгулёў”, праставаты мужчына гадоў пяцідзесяці.
– Ай, каб жа не забыць нічога, – вохкала гаспадыня. – Дзівіся, тут во шкляное, Валодзечка, асцярожней тамака, чакай, я мо на рукі тое вазьму, – крычала гаспадыня Уладзіміру, бегла за ім на надворак.
Урэшце мітусня скончылася: заладаваліся – што ў багажнік, што на задняе сядзенне.
– Глядзі ж, дзеткі, каб усё ладна было, пакідаю табе найдаражэйшае, што ёсць – дом, то ж глядзі, глядзі на ўсе вочы. З газам асцярожны будзь, фортку не пакідай адчыненай, як куды ідзеш… Ды глядзі, з дзеўкамі пільным будзь: не маленькі, мусіш ведаць: чорт у лазу завядзе, а баба ў нетры.
– Буду глядзець, Марыя Фамічна, усё будзе добра, – запэўніваў Уладзімір старую і ўпотай чакаў, каб хутчэй паехаў з двара аўтамабіль.
І вось ён застаўся адзін – адзін у такім вялікім доме.
Раптам стала трывожна.
Пачуццё, што тут яшчэ нехта ёсць, як выскачыла аднекуль з кутка ці выпаўзла гадзюкай з-пад дзвярэй бабульчынага пакоя. Уладзімір, сам сабе лаючыся – от жа, заблазнаваў, – абышоў пакоі: бабулін быў зачынены на ключ, у залі было пуста: канапа, шафа-“сценка” набытая гадоў трыццаць таму, стол з тэлевізарам, накрытым адмысловай вышыванкай. Калідор, яго пакой направа…
Уладзімір уздрыгнуў: у ягоным пакоі сядзеў кот. І кот уздрыгнуў. Прыпаў да пярэстага ходніка, прыціснуў вушы, напружыніўся, паказваючы гатовасць у кожны момант скочыць проста ў твар.
– Ну, і навошта ты сюды прыйшоў?
Голас прагучаў неяк хрыпата, вельмі гучна для пустога дому.
Уладзімір ступіў крок у пакой і адразу ж адступіў убок ад уваходу. Кот не зводзіў з яго жоўтых вачэй.
– Прыбірайся, адкуль прыйшоў, – загадаў кату Уладзімір.
І той быццам зразумеў словы – узняўся і хутка, але з годнасцю, выбег з пакоя, крутануўся ў калідоры, і праз адчыненую вітальню выскачыў на веранду.
Уладзімір прайшоў за ім, пабачыў, як кот схаваўся ў густой траве пад плотам у глыбіні садка.
Зачыніў дзверы. Вярнуўся на кухню, але, падуладны незразумеламу пачуццю трывогі, зноў зазірнуў у пакой, нават нахіліўся і паглядзеў пад ложак – было пуста. Ды трывога не адпускала. Уладзімір і сам не разумеў, што адбылося незвычайнага: кот, шукаючы ежы, зайшоў у дом, бо дзверы былі адчыненыя, пакуль тут бегалі з клункамі.
“Пайшоў