Валеры Гапееў

Праклён


Скачать книгу

крычаў, плакаў, дакараў, упікаў – ён выказваў ёй усе тыя крыўды, якія пазбіраліся за ўсе гады ягонага свядомага жыцця, якія ён сам ашчадна збіраў – можа, яшчэ тады думаў, планаваў вось такі дзень, калі ў твар маці выкажа ўсё. Пра адзенне і танны мабільнік, пра патрыманы кампутар, які з’явіўся ў яго пазней за ўсіх у класе, пра свой сорам, калі аднакласнікі прыходзілі да яго ў іх бедную кватэру… Хутчэй за ўсё, яго ніхто спецыяльна і не крыўдзіў, але самыя невялікія заўвагі, самыя бяскрыўдныя кепікі аднагодкаў Генадзь успрымаў як абразы, праўда, не адказваў ніяк, і ўсе думалі, што гэта нічога страшнага: трохі пацвельваць з сябра, “мамчынага сынка”.

      З таго дня ў іхнай кватэры ён стаў галоўным. Маці з сынам за парогам кватэры жылі так, як і раней: паважна і ласкава адзін да аднаго, у самой жа кватэры маці стала больш прыслугай і хатняй гаспадыняй. А ў Генадзя знайшлося выйсце для яго комплексу непаўнавартаснасці, і ён з апантанасцю згаладалага на салодкае дзіцяці адшчыкваў і адломваў штовечара і штораніцы невялікія, але такія салодкія кавалкі сваёй асабістай значнасці, якая палягала ў служэнні яму, у павазе яго ды поўнай падпарадкаванасці яму. Маці была на пенсіі, але працавала – у тым жа ДК, толькі не памочнікам рэжысёра, а прыбіральніцай.

      Аўтамабіль, які яны набылі, прынёс у сям’ю часовае супакаенне і лад. Генадзь усведамляў, што тая ранейшая бядота і была пэўнай прычынай для сённяшняга набытку: маці ашчаджала грошы для яго, для пачатку самастойнага жыцця. І аднак жа, яе віна, як няздольнай у тыя часы зарабляць болей, ці хоць выйсці другі раз замуж ды забяспечыць нармальнае маленства і юнацтва сыну, не мінала, хіба што паменшылася, прытупілася. Генадзь чакаў ад маці яшчэ аднаго кроку, пра які яна сама неяк і прагаварылася, калі наведалі бабулю:

      – Трэба, мабыць, збірацца мне ды пераязджаць сюды, – казала маці сваёй маці. – Геначка ўжо дарослы, сам здолее пражыць, а тут мне і пенсію траціць не давядзецца – зямля пракорміць, і за табой дагляджу…

      – Глядзі, каб не вадзіў там усялякіх, – устрывожылася бабуля. – Цяпер такая моладзь…

      – Не, за Геніка я спакойная, ён вельмі адказны, разумны, – пераконвала яе маці.

      Але мінула і паўгода, а маці быццам забылася на свае словы. Генадзь, які стаў тады выпадковым і незаўважаным сведкам размовы, не нагадваў маці пра яе жаданне, трываў: нічога не заставалася, як чакаць. Не вытрываў: раз і другі псіхануў быў, сказаў, што не можа нармальна запрасіць дзяўчыну ў госці, бо яна саромеецца. Маці моўчкі праглынула ўпікі, але пасля другога разу пачала збірацца. І не на тыдзень які, а грунтоўна. Назусім. Пра што сыну і выказалася асцярожна. Генадзь, умела хаваючы сваё сапраўднае пачуццё радасці, адказаў, што няма падстаў за яго перажываць – у яго ёсць галава на плячох.

      Хоць ніякай дзяўчыны не было. Бо Генадзь баяўся. Набыты аўтамабіль хоць і змяніў кардынальна самога Генадзя і стаўленне дзяўчат да яго, аднак нічога не мог змяніць у ягоным стаўленні да дзяўчат. Генадзь стаў адкрывальнікам простага сакрэту мужчынскай прывабнасці: поспех у жанчын маюць упэўненыя мужчыны. Тыя,