свет, у якім жывём мільёны гадоў, нейкую нікчэмную долю таго, што неабходна ведаць. Возьмем той жа Вялікі Жах. Яўна агрэсіўная грубая сіла, якая ўжо не першы год тэрарызуе чалавецтва. Ён атакуе не грамадства ў цэлым, а паасобку кожны індывідуум, лагічна мяркуючы, што так лягчэй запалохаць, паставіць на калені, ці што там яшчэ яму трэба ад людзей. Ён як быццам помсціць за нешта, або не хоча некуды, у нейкія запаветныя дзверы ўпусціць. Ды ці існуе ён наогул? Вось у чым загвоздка. У рэшце рэшт, не выключана, што на базе чалавечага мозгу можа існаваць некалькі асобін, якія звязаны паміж сабой толькі целам. Адна з асобін можа жадаць смерці целу.
Увесь гэты час Клён напружана глядзеў на бацьку, нібы прымерваўся да яго. Потым сказаў, і словы прагучалі, як загад:
– Пазвані сваім сябрам. Хто ў цябе ёсць з сяброў? Пазвані на Індаэўрапейскае тэлебачанне Навуму Масейкіну. Дай «SОS». Так і так – хутчэй імчыся на Чорны Хутар, хутчэй ратуй, інакш можа адбыцца поўная і абсалютная дэматэрыялізацыя, магу разам з любімым сынам аддаць канцы.
Гай і раней заўважаў у паводзінах і ў словах сына нейкую знарачыстую грубаватасць, нейкае панібрацтва, быццам размаўляў той не з бацькам, а са сваім жа галалобым нафарбаваным равеснікам, «шарыкам з адной лузачкі», як яны любяць казаць. Адкуль такі тон? Ад ранняга сталення і цэлага акіяну інфармацыі, што захліствае гэтых маладых пеўнікаў з ног да галавы? А можа, ад таго, што дужа рана робяцца яны спелымі мужчынамі з ярасным бушаваннем палавых гармонаў у крыві?
Гай пазваніў Навуму Масейкіну. Таго доўга шукалі, нарэшце знайшлі.
– Жывуць Сонца і Кісларод! – весела выгукнуў здалёку Масейкін.
Гай лаканічна, як толькі мог, абмаляваў сітуацыю, папрасіў, пры магчымасці, зазірнуць на Чорны Хутар.
– Мой малы баіцца, – ціха сказаў у слухаўку, косячы вокам, каб, крый божа, не пачуў Клён.
– Якую катэгорыю паабяцаў табе той пракляты голас? – перапытаў Масейкін.
– Дзевятую.
– Дзевятую? Ну, стары, трымайся. Я ў яго, як памятаю, па пятай катэгорыі праходзіў. Белым прамянём так хвастануў, ажно я прысеў. А назаўтра жонка гаворыць: «Кракадзільчык (гэта яна мяне, калі ў добрым настроі, так называе), адкуль у цябе шрам на левым плячы? А ў мяне ніколі ніякага шрама зроду не было. Адным словам, не вешай нос – імчуся да цябе. І не забудзь пра Ўзмацняльнік Волі.
Змяркалася. Дубровічы трымаліся разам. Гай, ужо не кажучы пра Клёна, у глыбіні душы раскайваўся, што кінуў-рынуў горад і прыляцеў на Чорны Хутар. Паклікалі да сябе робата Дулеба. Ён звычайна лёгка ўзыходзіў па лесвіцы на другі паверх, але сёння адказаў вінаватым голасам:
– Не магу, спадар Гай. Левая нага не слухаецца. Буду званіць ва Ўпраўленне Хатніх Робатаў, каб прыслалі рамонтніка.
Дулеб пачаў званіць у горад. «Нешта тут не так, – падумалася Гаю. – Дулеб жа робат звышновай серыі. Такія, сама меней, тры гады працуюць без аніякага збою».
Раптоўна захацеў спаць Клён і пайшоў у свой пакой. Вяла цмокнуў бацьку ў шчаку, зачыніў за сабою дзверы. «Дзіўна, –