Леанід Дайнека

Чалавек з брыльянтавым сэрцам


Скачать книгу

мы здорава насалілі Старой Цывілізацыі, – кінуўся затыкаць прабоіну ў разгайданым караблі размовы Масейкін. – Складзіравалі радыеактыўныя адыходы на акіянскім дне. Мне ў СБС, у Саюзе Балтыйскіх Славян, шмат што на гэты конт расказвалі. Запампоўвалі ў кожную дзірку зямной паверхні розны бруд. Палівалі зямлю бензінам і керасінам. А там жа, далей ад нашых вачэй і рук, жыла Старая Цывілізацыя, там было яе карэнне. Хто, як не прадстаўнікі Старой Цывілізацыі, усе гэтыя німфы, эльфы, дрыяды, гномы, кентаўры? Вясёлы бесклапотны народ, што яшчэ ў часы старадаўніх грэкаў сяліўся ў гаях, ручаях і скалах, сустракаўся людзям на кожным кроку. Мы аб'явілі іх міфам, легендай, а яны ж былі – разумееце? былі! – яны і сёння ёсць, толькі адступілі ў змрок, непадуладны нашаму воку.

      – Ну й ну, – хмыкнуў інспектар Салавей.

      Але Навум Масейкін прапусціў міма вушэй ягоную іронію, бо ўжо зацугляў свайго любімага канька – красамоўства.

      – А беларускія вадзянікі і лесавікі-чашчавікі? Таксама яна, наша няўлоўная, наша недасяжная, наша таямнічая Старая Цывілізацыя. Дзесяткі тысячагоддзяў назад, у час ледавікоў і каменных сякер, яна прайграла рашучую бітву новай, болып моцнай, я б сказаў, больш грубай цывілізацыі, падобна таму, як Рым прайграў варварам.

      – Усё! – смеючыся заткнула пальцамі вушы Вера Хрысцінюк. – Хопіць лекцый. Каля каміна трэба сядзець моўчкі і пазіраць на агонь, проста пазіраць на агонь.

      Усе так і зрабілі, толькі інспектар Салавей строга паклікаў да сябе Дулеба, і яны пайшлі аглядаць вокны і дзверы Чорнага Хутара.

      Адгарэў камін, разам з ім адгарэў вечар, і нарэшце Гай застаўся ў пакоі адзін. Побач варочаўся за сценкаю Клён. Здорава перапала яму ад бацькі за доўгі язык. Усе госці таксама ўлягліся спаць. Толькі было чутно, як Дулеб хадзіў унізе, у каміннай зале, чыгуннай рыдлёвачкай выграбаў попел, дзынкаў дужкай вядра, а потым нават ціхенька заспяваў куплет з «Танга робатаў»:

      Там, дзе за горадам жаўцеюць горы металалому,

      Дзе ў іржавым падшыпніку зацвіў сіні васілёк,

      Я сустрэну цябе. І мы прагонім сум і стому.

      І я навекі запомню твой крылата-спружынны крок.

      «Добрая песня, – падумаў, ужо амаль засынаючы, Гай. – Простая даходлівая мелодыя, чыстае пачуццё. Кажуць, у кнігарнях з'явіўся двухтомнік фальклору робатаў. Трэба купіць».

      Раптам на цёмнай сцяне, на якую быў скіраваны яго позірк, рэзка ўспыхнулі чырвоныя пранізлівыя словы: «Увага. Чакайце. Будзем праз чатыры хвіліны».

      Падушка вылецела ў Гая з-пад галавы. Сам жа ён уплішчыўся ў ложак. Ён адчуў такі выбуховы, такі востры, як брытва, страх, што аж пазелянела ўваччу, аж занылі пальцы рук і ног. Ён адчуў такі неймаверны страх, што падалося – ягоны мозг хоча выскачыць з чарапной каробкі і некуды ўцячы.

      – Апёк за апёк, рана за рану. Так напісана ў Бібліі, – прагучаў проста ў яго над галавой глухі, нейкі каменны голас.

      Гай, нібы кенгуру, доўгім скачком вылецеў з ложка і – яшчэ голыя пяты не дакрануліся да падлогі! – ударыў у цемры пальцам па ўключальніку,