да стала, – плаўна махнуўшы правай рукою, галантна пакланіўся гасцям Дулеб. Выпілі віна. Клён піў ліманад.
– Дык вы сцвярджаеце, спадар Гай, што вам нешта пагражае? – адразу, як кажуць, узяў быка за рогі інспектар Салавей. Ён, як і болыпасць ягоных калег, вызначаўся не тое каб безцырымоннасцю, а нейкай глухаватасцю да душэўных пакут іншых людзей. «Як можна быць няшчасным і напалоханым у нашым такім цудоўным свеце?» – чыталася ў бескампрамісным інспектаравым позірку.
– Нешта ёсць, – збянтэжыўшыся, пакорліва кіўнуў галавою Гай.
– А ці маюцца ў вас якія-небудзь рэчавыя доказы? – насядаў інспектар. – Скажам, лісты, магнітафонныя запісы, фатаграфіі…
– Ды вы што, інспектар, не з нашай галактыкі? – іранічна зірнула на Салаўя Вера Хрысцінюк. – Хіба не ведаеце, што такое Вялікі Жах і ўсе ягоныя замашкі?
– Не ведаю, – з годнасцю адказаў інспектар. – Не даводзілася сустракацца. І вось што, спадарыня, – не ўмешвайцеся ў справу, у якой вы, прабачце, некампетэнтныя. У мяне, – зноў павярнуўся ён да Гая Дубровіча, – быў нядаўна такі выпадак. Сігналізуе адзін паважаны прафесар, назавём яго прафесар Ікс. Так і так, мяне тэрарызуе Вялікі Жах. Высветлілі. І што ж? Прымітыўная белая гарачка. Быў, аказваецца, наш прафесар верным сябрам Бахуса. Вось так.
Ён пераможна паглядзеў на Веру Хрысцінюк.
– Вы, дарагі інспектар, у вашых развагах павярнулі, прабачце, трошкі не ў той бок, – перапыніў яго Навум Масейкін і перапыніў, трэба зазначыць, не дужа тактоўна. – Праблема, як я разумею, заключаецца ў тым, што на Чорным Хутары мы маем справу з магчымай агрэсіяй у дачыненні да нашага шаноўнага Гая Дубровіча. Прадстаўнікі якой цывілізацыі яму пагражаюць? Біялагічнай? Машыннай? Хто яны? Невідзімкі, зомбі, людзі, якіх атруцілі, закапалі ў магілы, а потым ажывілі, і яны нічога не памятаюць пра сваё чалавечае мінулае?
– Спадар Масейкін, не ўскладняйце сітуацыю, – зморшчыўся інспектар Салавей. – Магчыма, тут дзейнічае банда саржавелых робатаў. Нейкім чынам ім удалося пазбегнуць прэса, уцячы з базы металалому, вось яны і нахабнічаюць. Але няхай толькі сунуцца. З вялікім задавальненнем я нараблю дзірак у іхніх галовах-вёдрах.
Пры гэтых словах інспектара Дулеб выпусціў з рук блакітную талерку, і яна, вядома ж, разбілася. Салавей падазрона паглядзеў на яго, сярдзіта кашлянуў. Здавалася, вось-вось закрычыць: «Гэта іхні важак! Вяжыце рукі бандыту!»
– Мы пазбавілі Старую Цывілізацыю чыстай ежы і паветра, мы атруцілі яе. Яна і помсціць, – звонкім упэўненым голасам сказаў Клён. Вялікая Эра Плюралізму дазваляла яму на роўных удзельнічаць у дыспутах дарослых людзей, праўда, не так самаўпэўнена і катэгарычна, ды гэта ўжо іншая гаворка.
– Малайчына Клёнік, – пляснула белымі далонькамі Вера Хрысцінюк і памкнулася пацалаваць яго ў шчаку, але ён вывернуўся.
– Мне здаецца, што Клён недалёка ад ісціны, – загаварыў нарэшце і Гай Дубровіч. Яго пачынаў прыпякаць сорам. Ледзь запахла нейкай непрыемнасцю – і адразу разнюніўся, расхныкаўся. Навошта званіў Масейкіну? Навошта тут, на Чорным