сказаў айцец Браўн, – уявіце, што Кокспэр ці нехта да яго падобны збіраецца раззваніць на ўвесь белы свет абразлівыя байкі пра вашую краіну і ваш сцяг. Уявіце, што ён сказаў, што ваш полк уцёк з поля бою або што ваш штаб прадаўся ворагу. Ці дапусцілі б вы, каб нешта стала паміж вамі і фактамі, здольнымі яго абвергнуць? Хіба ж вы не знайшлі б праўду любой цаной? Дык вось, у мяне ёсць полк, і я належу да арміі. Іх дыскрэдытуюць гісторыяй, якая, я перакананы, ёсць хлуснёй, але як усё было насамрэч, мне невядома. Ці папракняце вы мяне за тое, што я намагаюся ў гэтым разабрацца?
Вайсковец маўчаў, і святар працягваў:
– Я чуў гісторыю, якую ўчора расказалі Мэлаў: як Марн з разбітым сэрцам аддаліўся ад свету пасля смерці таго, хто быў яму бліжэйшы за брата. Я ўпэўнены, што гэта не ўсё. Я прыйшоў спытаць вас, ці вядома вам што-небудзь яшчэ.
– Не, – каротка сказаў генерал. – Больш я вам расказаць не магу.
– Генерал, – сказаў айцец Браўн з шырокай усмешкай, – калі б я паспрабаваў адказаць гэтак двухсэнсоўна, вы б назвалі мяне езуітам.
Ваяка хрыпла засмяяўся, а пасля рыкнуў нашмат больш варожа:
– Што ж, тады проста не раскажу. Што вы скажаце на гэта?
– Скажу, – мякка адказаў святар, – што ў такім разе мне давядзецца расказаць вам.
Карыя вочы ўтаропіліся ў яго, але цяпер у іх не было агеньчыка. Айцец Браўн працягваў:
– Вы прымушаеце мяне тлумачыць – бадай не так спагадліва, як маглі б, – чаму ў мяне няма сумневаў, што за гэтай гісторыяй хаваецца нешта яшчэ. Я цалкам упэўнены, што ў маркіза ёсць больш значная прычына паглыбіцца ў сябе і схавацца ад людзей, чым проста страта старога сябра. І я сумняюся, што святары маюць да яе дачыненне. Я не ведаю нават, навярнуўся ён у каталіцызм або проста суцяшае сумленне міласцінай, але я пэўны, што гэта не проста жалоба. Паколькі вы настойваеце, я назаву вам некалькі прычын, што прымушаюць мяне так думаць. Па-першае, сцвярджалася, што Джэймс Мэйр быў заручаны, але чамусь разышоўся з нявестай пасля смерці Морыса Мэйра. Нашто прыстойнаму чалавеку разрываць заручыны, калі ён проста смуткуе пра смерць некага іншага? Значна больш натуральна было б звярнуцца па суцяшэнне да нявесты, але ў любым разе правілы прыстойнасці абавязвалі яго прайсці праз усё з годнасцю.
Генерал кусаў свае чорныя вусы, яго карыя вочы глядзелі вельмі засяроджана і нават трывожна, але ён не адказваў.
– Па-другое, – казаў айцец Браўн, пахмура гледзячы на стол. – Джэймс Мэйр заўсёды прасіў прыяцельку пацвердзіць, што яго кузін Морыс – проста цуд і што жанчыны ад яго будуць у захапленні. Не ведаю, ці прыходзіла лэдзі думка, што такія пытанні могуць мець і іншую прычыну.
Генерал падняўся на ногі і пачаў хадзіць, тупаючы, па пакоі.
– Халера яго бяры, – сказаў ён, але зусім без варожасці.
– Па-трэцяе, – працягваў айцец Браўн, – цікавая ў Джэймса Мэйра манера сумаваць – знішчаць усе рэліквіі, усе партрэты і гэтак далей. Прызнаю, часам такое здараецца. Гэта можа быць знакам цяжкай страты дарагога чалавека.