Коллектив авторов

Ён прыходзіў з дажджом (зборнік)


Скачать книгу

утрымацца ад бясконцых і мітуслівых спробаў умяшацца. Дастаткова сказаць, што адна з нямногіх рэчаў, у якіх Джэймс Мэйр значна яго пераўзыходзіў, было валоданне пісталетам. Так трагедыя і скончылася.

      – Вы хацелі сказаць, пачалася, – адказаў святар. – Трагедыя таго, хто выжыў. Я думаю, ён стаў няшчасным і без дапамогі розных манахаў-крывасмокаў.

      – Як на мяне, ён пакутуе больш, чым заслугоўвае, – прамовіў генерал. – Урэшце, як я ўжо сказаў, хоць гэта і жахлівая трагедыя, але паядынак быў сумленны. І Джыма моцна справакавалі.

      – Адкуль вам гэта вядома? – спытаў святар.

      – Мне гэта вядома, таму што я ўсё бачыў, – флегматычна адказаў Аўтрэм. – Я быў секундантам Джэймса Мэйра і на ўласныя вочы бачыў, як Морыс Мэйр ляжыць забіты на пяску.

      – Як бы я хацеў, каб вы расказалі пра гэта падрабязней, – задумліва сказаў айцец Браўн. – Хто быў секундантам Морыса Мэйра?

      – Той бок быў больш дасведчаны, – змрочна адказаў генерал. – Яго секундантам быў Х’юга Рамэйн, вялікі актор – вы ведаеце. Морыс тады шалеў ад акторскага майстэрства і ўзяўся за Рамэйна (чыя папулярнасць ужо расла, але яшчэ даводзілася цяжкавата), дапамагаў яму грашыма і спансаваў яго спробы, а наўзамен браў урокі ў прафесіянала, бо акторскае майстэрства было ягоным хобі. Думаю, Рамэйн на той час практычна залежаў ад свайго заможнага сябра, хоць цяпер ён багацейшы за любога арыстакрата. Таму тое, што ён быў секундантам, вельмі мала гаворыць, што ён сам думаў пра іх сварку. Яны біліся на ангельскі манер, у кожнага па адным секунданту. Я хацеў, каб прысутнічаў хаця б хірург, але Морыс з крыкамі адмовіўся і сказаў, што чым менш людзей ведае, тым лепш, і ў найгоршым выпадку мы зможам неадкладна паклікаць дапамогу. “Доктар ёсць у вёсцы менш за паўмілі адсюль, – сказаў ён. – Мы знаёмыя, і ў яго самы шпаркі конь у краіне. Яго можна імгненна даставіць сюды, але няма патрэбы клікаць яго, пакуль нічога не вядома”. Вось жа, мы ўсе разумелі, што Морыс рызыкаваў найбольш, бо пісталет быў не ягонай зброяй. Таму калі ён адмовіўся ад помачы, ніхто ўжо не хацеў яе прасіць. Паядынак адбываўся на роўным пясчаным участку на ўсходнім узбярэжжы Шатландыі. Доўгая сцяна пясчаных узгоркаў, аздобленых сям-там астраўкамі травы, хавала яго ад вачэй і вушэй жыхароў вёсак, што ляжалі далей ад берага. Гэта была, відаць, частка поля для гольфу, хоць у той час пра гольф не чуў яшчэ ніводзін ангелец. У пагорках была адна глыбокая звілістая расколіна, праз якую мы выйшлі на пяскі. Я і цяпер нібыта бачу іх: спачатку шырокая мярцвяна-жоўтая паласа, а за ёй вузейшая, цёмна-чырвоная. Цёмна-чырвоная, быццам крывавая справа ўжо пакінула па сабе доўгі цень.

      – Самі падзеі, здавалася, развіваліся з жахлівай хуткасцю, быццам віхор урэзаўся ў пясок. Адначасова з трэскам стрэлу Морыс Мэйр перакруціўся, быццам турок, і тварам долу грымнуўся на зямлю, як кегля. І што дзіўна, я турбаваўся за яго да гэтага самага моманту, але варта было яму памерці, мне стала шкада таго, хто яго забіў. І дагэтуль шкада. Я ведаў, што з разам з гэтым велізарны жахлівы ківач прыхільнасці,