лёгкі дысананс, але быў занадта заклапочаны ўласнай праблемай, каб адкладаць размову. Ён не мог цвёрда стаяць на нагах ад расчаравання, што стала вынікам доўгага падсвядомага працэсу. Ён вываліў трагедыю роду Марнаў ад пачатку і да канца ў тым выглядзе, у якім пачуў яе ад жонкі генерала, а таксама пераказаў большасць каментароў самога генерала і газетнага магната. Калі прагучала імя Кокспэра, канцэнтрацыя ўвагі ў пакоі неяк павысілася.
Айцец Браўн не ўсведамляў, што яго паводзіны могуць выглядаць камічна, дый не надаваў гэтаму значэння. Ён па-ранейшаму сядзеў на падлозе і са сваёй вялікай галавой і кароткімі нагамі дужа нагадваў малога, што гуляецца з цацкамі. Але яго вялізныя шэрыя вочы набылі выраз, які можна было ўбачыць у вачах многіх людзей за дзевятнаццаць стагоддзяў гісторыі. Што праўда, зазвычай тыя людзі сядзелі не на падлозе, а пры стале на нарадзе, ці ў крэсле на сходзе, або на епіскапскім ці кардынальскім троне. Скіраваны ўдалечыню, пільны позірк, цяжкі ад пакоры перад завялікай для чалавека адказнасцю. Такі трывожны позірк некуды за далягляд можна ўбачыць у маракоў ды яшчэ ў тых, хто прайшоў праз шмат штормаў на караблі святога Пятра.
– Як добра, што вы мне пра гэта расказалі, – сказаў ён. – Праўда, я страшна ўдзячны, бо з гэтым нам, відаць, нешта давядзецца рабіць. Калі б гаворка была толькі пра такіх людзей, як вы з генералам, то ўсё магло б застацца справай прыватнай, але паколькі сэр Джон Кокспэр збіраецца ўзняць гвалт у сваіх газетах… анягож, ён жа аранжыст з Таронта, дык і нам не выпадае заставацца ўбаку.
– Але што вы на гэта ўсё скажаце? – узрушана спытаў Мэлаў.
– Перш за ўсё я на гэта скажу, – прамовіў айцец Браўн, – што тое, як вы гэта падаяце, да праўды не падобнае. Дапусцім – выключна дзеля дыскусіі, – што мы і праўда ўсе змрочныя крывасмокі і дарэшты разбураем людское шчасце. Дапусцім, я – змрочны крывасмок, – ён пачухаў нос мядзведзікам, але пачаў усведамляць недарэчнасць сваіх паводзінаў і адклаў яго. – Дапусцім, мы разбураем усе асабістыя і сямейныя повязі. Навошта нам ізноў распальваць у чалавеку старую сямейную прыхільнасць у той момант, калі ён пачынае паказваць прыкметы выбаўлення ад яе? Вядома ж, не зусім справядліва адначасова абвінавачваць нас у тым, што мы разбураем повязі і тут жа тыя самыя захапленні заахвочваем. Не разумею, адкуль нават рэлігійны маньяк мог бы мець такую манію, а таксама як рэлігія можа гэтую манію павялічыць, за выключэннем таго, каб асвятліць яе промнем надзеі.
І пасля паўзы ён дадаў:
– Я б хацеў пагутарыць з гэтым вашым генералам.
– Гэта яго жонка расказала, – сказаў Мэлаў.
– Так, – быў адказ, – але мне больш цікава, пра што змаўчаў ён, а не што расказала яна.
– Вы мяркуеце, што ён ведае больш за яе?
– Мяркую, яму вядома больш, чым яна расказала, – адказаў айцец Браўн. – Вы кажаце, ён абмовіўся, што дараваў бы ўсё, толькі не грубасць да яго жонкі. Зрэшты, а што яму яшчэ дараваць?
Айцец Браўн устаў, абтрос сваю бясформенную вопратку і так і стаяў ды глядзеў на хлопца напружаным, злёгку збянтэжаным