і на працы я шмат часу праводжу, – Баірма па прафесіі повар. – А вы паспрабуйце звязацца з нашым дзядзькам Баірам Дугаравым, пляменнікам дзядулі. Дзядзька Баір часта сустракаецца з дзядулем. Сам шмат яму расказвае, пасля запісвае ўсё, што дзядуля гаворыць.
Па падказцы Баірмы званю Баіру Дугараву. Ён – прафесійны пісьменнік і вучоны. Аўтар многіх кніг вершаў, выдадзеных на бурацкай і рускай мовах. Часта друкуецца ў літаратурна-мастацкіх часопісах Сібіры, Далёкага Ўсходу. Народны паэт Бураціі. Кандыдат гістарычных навук. Літаратурную працу сумяшчае з навуковай дзейнасцю ў Бурацкім навуковым цэнтры Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук.
Баір Саномавіч – сын аднаго з братоў Дугаравых, якія шчасліва вярнуліся з фронта, – напісаў некалькі вершаў, прысвечаных дзядулю Даржо. І не толькі яму, але і Беларусі.
– Недзе на пачатку 1980-х, яшчэ да святкавання 40-годдзя Перамогі,– расказвае Баір Дугараў, – разам з дзядзькам мы здзейснілі падарожа па мясцінах, дзе ён ваяваў. Прызнацца, тады я думаў, што вось, маўляў, пабывае Даржо Гамбоевіч на тым самым полі, дзе быў паранены, і абавязкова загаворыць. Але тады гэтага не здарылася хаця і шмат мы паездзілі – пабывалі на Смаленшчыне, у Беларусі, – месца апошняга боя кулямётчыка Дугарава так і не знайшлі. У Мінску павёў дзядзьку ў музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Доўгай была наша маўклівая экскурсія. Даржо Гамбоевіч толькі выразам твару перадаваў свае пачуцці.
Пра паездку ў Беларусь я напісаў для адной з нашых газет. Дзядзька запіскай падзякаваў мне, удакладніўшы, што пачуцці яго адгаданы правільна. А зараз усе мы, родзічы, проста шчаслівыя, што чуем яго, старога салдата, голас.
«Калмыкам ёсць што расказаць беларусам і ўсяму свету!..»
Для калмыцкага пісьменніка і беларускага партызана Міхаіла Ханінава Беларусь была другой радзімай. Цікаўнасць да беларускай літаратуры выяўляе ў сваёй творчасці і яго дачка – пісьменніца і літаратуразнаўца Рыма Ханінава, якая жыве і працуе ў Элісце (Калмыкія). З ёй і давялося пагутарыць.
– Рыма, сёння шмат спрачаюцца пра глабалізацыю, месца малых народаў у агульных працэсах геапалітычных пераабсталяванняў. Ці ўтульна ў такім часе адчувае сябе калмыцкая літаратура?
– Эпоха глабалізацыі для літаратуры мае свае плюсы і мінусы. Для калмыцкай літаратуры – асабліва. З аднаго боку, яна павінна быць інтэгравана ў агульны літаратурны працэс – расійскі, федэральны, а таксама сусветны, з другога – развівацца ў нацыянальнай прасторы. У першым выпадку інтэграцыя прадугледжвае перакладчыцкую дзейнасць, каб нацыянальная літаратура была перакладзена на мовы народаў свету. Калі раней у Савецкім Саюзе працавала магутная індустрыя перакладу ў крос-культурным масштабе (узаемныя пераклады на рускую з моў народаў краіны і наадварот), то зараз яна па вядомых прычынах разладзілася. У нас, у Калмыкіі, узаемныя пераклады ажыццяўляюцца, як правіла, у прыватным парадку, выкарыстоўваюцца асабістыя сувязі. Хаця пісьменніцкія