я працягваў гаварыць, мой мозг счытваў інфармацыю з наваколля. Я бачыў, што ахова збянтэжылася і крыху прытармазіла. Людзі збегліся да мяне. Адны глядзелі з зайздрасцю, другія пасмейваліся з дзівака. Але ўсе здымалі відовішча на камеры і адразу выкладвалі ў сусветную павуціну. «Ну, усё! Я зорка інтэрнэта», – мільганула ў галаве. Такі сур’ёзны вучоны, які столькі гадоў наганяў на сябе важнасць, вокамгненна стаў вядомым дзіваком і камедыянтам. Ахова перастала тармазіць і пайшла проста на мяне. І я працягваў іграць сваю ролю, нібыта на сцэне, нібыта я сапраўдны шоўмен. Аднекуль з небыцця да мяне ішлі патрэбныя вобразы і словы. Я дазваляў сабе падобныя экспромты толькі аднойчы, калі праходзіў кастынг у школьны тэатр, а рэжысёр, нязвыклы да якіх-кольвек эксперыментаў, растлумачыў мне, як умеў, што з рознай эксперыментатарскай брыдотай мне не тое што тэатр, а нават дыскатэка не свеціць. А зараз я, ужо не студэнт, свядома наступаў на тыя ж самыя граблі, што і дваццаць пяць гадоў таму.
Было, праўда, адно адрозненне: я разумеў, што валодаю сітуацыяй. Я элегантна вырваўся з абдымкаў ахоўніка, падскочыў да адміністратара, заламаў яму руку і працягнуў сваю прамову, трымаючы навідавоку чэк:
– Але чамусьці адміністрацыя банка няправільна мяне зразумела і хоча, каб гэты гонар выпаў суседняму населенаму пункту, дзе мне, пэўна, не адмовяць выдаць грошы.
Счырванелы адміністратар засумняваўся ў сваіх учынках, але не ахоўнікі. Яны надзейна схапілі мяне. Тут ужо мая школьная секцыя па вольнай барацьбе не дапамагла. Людзі зашумелі: адны палічылі, што адбываецца несправядлівасць, другія казалі, што так мне і трэба. Магла пачацца, як мінімум, бойка, а як максімум – жорсткае абмеркаванне банка ў розных сацыяльных сетках. Адміністратар пачаў супакойваць людзей. І, напэўна, каб не стаць чалавекам, якога зробяць вінаватым, калі сітуацыя вырашыцца дрэнна, ён спыніў ахоўнікаў і выклікаў дырэктара філіяла. Той важны чалавек, насамрэч, усё ўжо ведаў, бо назіраў маё шоу на найноўшым маніторы ў сваім шыкоўным кабінеце.
Дырэктар спусціўся ў хол і па-майстэрску вырашыў сітуацыю. На тое ён і дырэктар.
– Прашу прабачэння ў шаноўных кліентаў. Мяне завуць Святаполк. Я дырэктар гэтага філіяла. Толькі што адбылася прыкрая памылка. Мы ўсе ведаем, як важна сачыць за бяспекай такіх устаноў, як наша. А гэты чалавек… прабачце, як Вас завуць?
– Меркурый, – буркнуў я першае, што прыйшло ў галаву.
– А Меркурый знешне аказаўся падобным да аднаго злодзея, таму мы былі вымушаны яго затрымаць. Аднак служба бяспекі высветліла, што мы памыліліся. Таму, каб неяк выправіць гэтую непрыемную сітуацыю, наш банк запрашае спадара Меркурыя ў асабісты кабінет дырэктара, дзе мы абмяркуем яго чэк. Калі гэта сапраўды той самы чэк, наш горад будзе мець тытул самага шчаслівага, пра што і хацеў нам сказаць шаноўны Меркурый… А ўсе тут прысутныя атрымліваюць спецыяльныя карткі на зніжку – ажно 0,1 працэнта ва ўсіх крамах нашай сеткі. Дзякую за ўвагу!
«Да