Аркадзь Ліцьвін

Дыплом на царства


Скачать книгу

Не прызнаваўся, што крыху трывожыцца, як вярнуцца жывому і цэламу ад гэтай хеўры. У Найяснейшага пана ўсяго войска ў разы менш, чым тут у царыка. А пара ўцёкам не спрыяе, снежань на носе.

      – Тут, кажуць, нашых шмат. Можа з імі неяк дамовіцца?

      – Але ж і непрыяцелі караля менавіта сюды збегліся, – засмяяўся кашталян. – З імі як?

      Больш дасведчаны ў сітуацыі, не палохаўся. Войска царыка моцнае тым, што засталося яшчэ ад Першага Дзьмітрыя. Апанавала ўсё апроч Смаленска, Пскова і Вялікага Ноўгарада, дзе і думныя баяры трымаліся Шуйскага, але ад пэўнага часу поспехі пайшлі на спад і глум. Усё большую моц і самастойнасць мелі людзі гетмана Ражынскага. І цёмны люд на вачах траціў веру ў добрага цара.

      – Дзе ж яны трымаюць свайго манарха? – рагатнуў пан кашталян, спрабуючы ўгадаць між скопішча разнастайных будынкаў найбольш прадстаўнічы і не мог. – Урэшце нам найперш патрэбны пан Ражынскі і «патрыярх» Філарэт.

      У размовах з патрыярхам, правінцыйнымі баярамі, з казакамі, умовы вуніі не выклікалі асаблівых спрэчак. Параіўшыся з бліжэйшымі памочнікамі, кашталян вырашыў не наведваць царыка з царыцаю, якія даўно пачуваліся палоннымі сваіх «падданых» з Рэчы Паспалітай. Пакуль ішлі перамовы, царык сядзеў не так пад аховай як пад каравулам у сваім «цераме» і біўся думкай, ці не пра яго грэшную галаву дамаўляюцца? Не раз упрошваў князя Ражынскага падзяліцца навінамі, але дабіўся таго, што лепш было не чуць. – Хіба забыўся, што гетманы Рэчы Паспалітай маюць права на замежныя дачыненні? А табе што да таго, навошта да мяне камісары прыехалі? – прахрыпеў у п'яным ачмурэнні. – Ці ж я, гетман Ражынскі, мушу кожнаму спавядацца ў сваіх задумах? Чорт ма ведае, хто ты сам? Досыць мы крыві за цябе пралілі, а карысці ні на мезены палец!

      Ражынскі сунуў расцапежаную далонь пад нос «гасудару» і паказаў меру той карысці.

      – Будзеш дурыць галаву, то ўрэжу кіем і буду мець спакой, – прыгразіў «царскі» гетман.

      Кемнаму даволі. Не чакаць жа, пакуль выдадуць каралеўскім паслам. Дзе ён возьме чатыры ці, як іншыя патрабуюць, сем мільёнаў для гэтай узброенай хеўры. Калі кароль паабяцае, прададуць яго, не таргуючыся. У тую ж ноч, з 6на7(27) снежня. царык, пераапрануты селянінам, на возе з дрывамі з'ехаў да Калугі, пакінуўшы царыцу. Назаўтра ў тушынскім лагеры страляніна і вэрхал: дзе цар? Людзі пана Тышкевіча, перакананыя, што Ражынскі альбо забіў царыка, альбо ўвязніў, сыпанулі кулямі па шатрах князя—гетмана. Гетманавы людзі абоз не аддалі, але мусілі адступіць. Па ўсяму лагеру пачалі дзяліцца: адны за царыкам, іншыя да караля, астатнія на самапас. Калі казакі Зарудзкага не паддаліся ўгаворам ісці да караля, атаман паспрабаваў вярнуць паслушэнства сілай. Конніца Ражынскага падтрымала Зарудзкага і нязгодныя з правадырамі ўслалі сваімі целамі шлях да Калугі. А царык рассылаў адозвы, што Ражынскі з Салтыковым пасягалі на яго жыццё і патрабаваў адхіліць князя ад гетманства. Апошнім спадзяваннем імпостара быў Ян Пётр Сапега. Але перамовы не спыніліся.

      – Давайце пакуль што не будзем пра грошы, – прапанаваў Стадніцкі.